Гендырэктара "ДорОрса" судзяць за карупцыю
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска 19 ліпеня пачаўся суд над гендырэктара ААТ "ДорОрс" Аляксандрам Казловым. Яго вінавацяць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, піша tut.by.
"ДорОрс" кантралюе амаль увесь раздробны гандаль у раёне чыгуначнага вакзала і больш чым на 99% належыць дзяржаве.
Гендырэктара і галоўнага інжынера кампаніі затрымалі ў кастрычніку 2017 года. Следства заяўляе, што з чэрвеня 2016 года па кастрычнік 2017-га службовыя асобы рамантавалі на СТА свае машыны і машыны блізкіх за кошт прадпрыемства — BMW 525, BMW Х5, Volkswagen Passat B6 і Chevrolet Cruze. У бухгалтэрыю падаваліся падробленыя дакументы аб рамонце службовых аўто "ДорОрс" на агульную суму больш за 11,8 тысячы рублёў. Следчыя заявілі пра дзевяць даказаных аналагічных фактаў.
Галоўны інжынер Аляксей Крупкевіч хадайнічаў пра вызваленне ад крымінальнай адказнасці. Матэрыялы супраць яго вылучаныя ў асобную вытворчасць.
Гендырэктар "ДорОрс" Аляксандр Казлоў сваю віну не прызнаў. Яго вінавацяць у замаху на ўчыненне злачынства і ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паўторна, групай асоб па папярэдняй змове. Казлову пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Як стала вядома на судзе, Казлоў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Таму яго абарона падала хадайніцтва аб вяртанні крымінальнай справы пракурору. Але суд адмовіў, бо ў заканадаўстве няма такой падставы.