Генералы Расіі пракантралююць сумесную групу войскаў у Беларусі — Беларускі Гаюн

Начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Расіі Сяргей Рудскі / ТАСС
Начальнік Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Расіі Сяргей Рудскі / ТАСС

У Беларусь прыбылі расійскія генералы на чале з начальнікам Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Расіі Сяргеем Рудскім, паведамляе маніторынгавая група "Беларускі Гаюн".

Хутчэй за ўсё, расійская дэлегацыя прыбыла на аэрадром у Мачулішчах 24 лістапада на пасажырскім самалёце ваенна-касмічных сіл Расіі Ту-134AK.

Паводле звестак групы, яны праінспектуюць падрыхтоўку так званай "рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы" на беларускіх палігонах. У афіцыйных паведамленнях Мінабароны Беларусі пра гэты візіт не гаворыцца.

У "Беларускім Гаюне" прыводзяць паралель з пачаткам 2022 года, калі афіцыйна ў Беларусі праходзілі сумесныя з расіянамі вайсковыя вучэнні: "Нешта падобнае было і падчас вучэнняў "Саюзная рашучасць-2022", калі паведамленні Мінабароны Беларусі не адпавядалі фактычнаму знаходжанню расійскіх войскаў у Беларусі. Тады вайскоўцы Расіі не лічылі неабходным інфармаваць сваіх беларускіх калег", — гаворыцца ў паведамленні. Менавіта пасля тых вучэнняў пачалася агрэсія Расіі супраць Украіны. Напад ішоў у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Тым часам у Цэнтры нацыянальнага супраціву Украіны заяўляюць, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца ўжо 12 тысяч мабілізаваных расійскіх вайскоўцаў. Частка з іх — у раёне Населенага пункта Бабунічы Гомельскай вобласьці, дзе разгарнулі больш за 60 намётаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі