Геном віруса АЧС у Беларусь завезлі з Малдовы ці Чарнагорыі
Беларускія спецыялісты правялі расследаванне пасля таго, як расіяне выявілі яго ў прадукцыі шэрагу прадпрыемстваў нашай краіны.
Завоз генома віруса афрыканскай чумы свіней у Беларусь з імпартнай сыравінай з'яўляецца асноўнай версіяй яго патраплення ў нашу краіну. Пра гэта 6 лістапада заявіў начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў.
Нагадаем, раней расійскі бок выявіў геном віруса АЧС у прадукцыі Аршанскага мясакансервавага камбіната, Магілёўскага, Мінскага і Бабруйскага мясакамбінатаў. З 31 кастрычніка Беларусь прыпыніла пастаўкі ў Расію свініны і прадукцыі свінагадоўлі, уключна з гатовай прадукцыяй, вырабленай гэтымі прадпрыемствамі. Пазней беларускую каўбасу з вірусам АЧС знайшлі ў Ніжнім Ноўгарадзе, інфармуе РІА "Новости".
Паводле слоў Аляксея Багданава, тое, што геном патрапіў у нашу краіну з імпартнай свінінай з Малдовы ці Чарнагорыі, пацвердзілі праведзеныя даследаванні. Ён адзначыў, што на тэрыторыі гэтых краін выпадкаў АЧС не фіксаваліся. Багданаў не выключае, што свініну завезлі ў Малдову і Чарнагорыю з Польшчы ці Літвы, "а пасля перамаркіравалі".
На сённяшні дзень усё мяса, якое трапіла ў нашу краіну ад малдоўскіх ці чарнагорскіх пастаўшчыкоў, забранае. "Правяраецца літаральна кожная туша", — кажа беларускі чыноўнік. Паводле яго слоў, выяўленне генома АЧС у Беларусі з'яўляецца ўнікальным выпадкам, паколькі да нядаўняга часу наша краіна не імпартавала свініну. Дарэчы, у будучыні Мінск плануе адмовіцца ад імпарту свініны.
Фота — Fotolia