Генпракурор: Па "справе медыкаў" у суд пайшлі ўжо чатыры справы
Шэраг фігурантаў "справы медыкаў" выпушчаныя з-пад варты — ім змянілі меру стрымання на больш мяккую. Пра гэта ў каментары tut.by паведаміў генеральны пракурор Аляксандр Канюк.
21 снежня ў Мінску праходзіць пасяджэнне рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Старшынюе на ёй генпракурор.
Канюк падзяліўся з журналістамі некаторымі падрабязнасцямі гучнай "справы медыкаў". "На сёння ў суд паступіла чатыры крымінальныя справы ў дачыненні да пяці фігурантаў, у тым ліку намесніка міністра аховы здароўя", — распавёў генеральны пракурор. Ён дадаў, што шэраг асоб выпушчаны з-пад варты, але яшчэ вялікая колькасць людзей застаецца пад гэтай мерай стрымання. Некаторыя фігуранты "справы медыкаў" знаходзяцца пад хатнім арыштам.
Канкрэтныя лічбы па абвінавачаных "справы медыкаў" генпракурор паабяцаў даць пазней.
Пра маштабную карупцыю ў сферы аховы здароўя паведаміў 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык. 11 верасня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб праблемах у сістэме аховы здароўя заявіў, што пачатыя 95 крымінальных спраў, пад следства трапілі амаль 100 чалавек. Па "справе медыкаў" былі затрыманыя некалькі галоўных лекараў бальніц, а таксама прадстаўнікі буйнога бізнесу і высокія чыноўнікі.