"Героі года": пераробліваць кальку на арыгінальнасць

"Я лічу, што "Ляпіс Трубяцкі" стануць "героямі года", таму што гэта "Ляпіс Трубяцкі". Хаця ёсць рызыка, што ім могуць падаср*аць BosaeSonca", — робіць прагнозы Аляксандр Памідораў.


12.12. Музычны партал Tuzin.fm падводзіць вынікі сыходзячага года і ўзнагароджвае новых "Герояў". Іх — 10 на дзве намінацыі: дэбютанты SP Kava, Tonqixod, Dziviа, Navi, Hurma ды, уласна, героі :B:N:, N.R.M. “Ляпіс Трубяцкі”, BosaeSonca і Re1ikt.

Tonqixod


"Героі года? — чэша патыліцу музыка Макс Івашын, які кажа, што некалькі выпаў з музычнага беларускага кантэксту. — Re1ikt працягваюць радаваць...  :B:N: не радуюць, бо, халера, даўно абяцаюць зрабіць "Гімн непераможных", але так і не зрабілі... Цікавы праект у Русі — Shuma — раскручаны. Але, мяркую, ён будзе не тут — бо гэта ўжо іншая ліга".


У "Юле" — аматараў беларускай музыкі няшмат. На суседняй вуліцы дае першы мінскі сольнік за 3 гады Лявон Вольскі ў дуэце з Паўлам Аракелянам. І, кажуць, усе сёння там. На "тузінаўскай" сцэне — пачаткоўцы Tonqixod, рэпер SP Kava ды  Hurma граюць невялікія сэты.

SP Kava


"Дэбют" — гэта інтуіцыя, гэта спрэчкі, гэта авансы, — трымае ў руках узнагароду за "Дэбют года" дызайнер і ўдзельнік каманды Tuzin.fm Вецер Механічны. — Вельмі цяжка зафіксаваць тых музыкаў, якія па суме балаў, як героі года, проста бяруць і перамагаюць. Мы не настрадамусы, але дэманструем трывалыя дэбюты — Паліны Рэспублікі, Akute — яны апраўдалі званне дэбюту".


Сёлетнія "дэбютнанты", гурт Hurma, абяцаюць аднойчы стаць героямі. Але і цяпер пахвастацца "Хурме" ёсць чым: ратацыя на 20 расійскіх радыёстанцыях, выхад песні на складанцы "Рок-танцы славян" разам  з "Палацам", "Акіянам Эльзы", Воплямі Відаплясава", кліпы і рэгулярныя канцэрты.

Hurma


"Але самая вялікая ўзнагарода, гэта калі ты натыкаешся, што нехта ў сацыяльных сетках посціць сабе нашы песенькі, калі просяць даслаць акорды песень. Яшчэ адно вялікае дасягненне — што адзін маладзенькі гурт зрабіў кавер на нашу песню, а дзеткі ў летніку спявалі нашу "Шукаю", — пералічвае "бонусы" "Хурмы" лідар гурта Мікіта Найдзёнаў.


"Дэбютантаў" на сцэне "Юлы" змяняюць "Героі". BosaeSonca, Re1ikt, :B:N: — тыя, "якія нешта робяць тут, і адчуваюць сябе гаспадарамі на гэтай тэрыторыі" — так пра іх кажа галоўны "тузінавец" Сяргей Будкін. І ўручае статуэтку "Рэліктам", нягледзячы на прагнозы мясцовых аўтарытэтаў.

Re1ikt


"Галоўнае, трэба быць арыгінальнымі. Не рабіць кальку, — кажа бубнач "Герояў" Аляксандр Дземідзенка. Re1ikt сёлета ўзялі ўдзел у грандыёзным праекце "Тузін. Немаўля" і далі велічэзную колькасць канцэртаў у Беларусі і за мяжой. — Вы можаце сказаць, што Re1ikt нагадвае некаторыя гурты, тут ёсць нейкія інтанацыі. Але каб глабальна сказаць, што гэта а-ля заходні ці ўсходні аналаг — мне здаецца, сказаць усё ж такі цяжка. На мой погляд, галоўнае — гэта арыгінальнасць. Трэба адсочваць у сабе гэты момант. Бачыш — падобна да нечага — трэба спыняць адразу і пераробліваць. Другое, гэта якасць, трэцяе — шчырасць".


"Рэлікты" абяцаюць быць героямі кожны год. І рыхтуюцца да запісу новага альбома.

Глеб Галушка і Піт Паўлаў

Вядучы імпрэзы Алег Хаменка

Сяргей Філімонаў

BosaeSonca

:B:N:


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі