"Гэта быў не Кангрэс, а сустрэча ў парку". Чаму ніхто не прыйшоў да Статкевіча
15 траўня ў мінскім парку імя Янкі Купалы праходзіць мерапрыемства пад гучнай назвай ― Нацыянальны кангрэс. З пастамента помніка народнаму паэту прамаўляюць Уладзімір Някляеў і Мікола Статкевіч. Да іх далучаюцца Вячаслаў Сіўчык з Генадзем Фядынічам і Станіславам Шушкевічам. Гавораць пра пагрозу незалежнасці і неабходнасць аб'яднання апазіцыі ― усё як звычайна. Слухае іх тры сотні чалавек, цягнецца кангрэс нават менш за гадзіну. І пры поўнай адсутнасці іншых лідараў шматлікіх апазіцыйных сіл. Праз дзень пасля кангрэса Еўрарадыё цікавіцца ў апазіцыянераў, чаму яны не прыйшлі ў купалаўскі парк аб'ядноўвацца
Незразумелае мерапрыемства, не мае перспектывы
Таму што я не бачу ніводнай прычыны для мяне асабіста і для любога дэмакратычнага актывіста наведваць вось такое, так бы мовіць, незразумелае мерапрыемства. Яно не мае перспектывы... Абсалютна не бачу ніякага сэнсу ў тым, каб туды хадзіць і ў далейшым.
Хацеў бы прыйсці, але былі сямейныя справы
У мяне былі свае асабістыя сямейныя справы, таму не прысутнічаў. Але хацеў бы прыйсці. Хаця б для таго, каб паразмаўляць з людзьмі, якія былі там. І з арганізатарамі таксама. Але я – па сапраўды важных сямейных прычынах – не змог. А па-другое, і мая прысутнасць, і прысутнасць іншых палітычных лідараў нічога б не змяніла. Арганізатары ведаюць, што мы гатовыя супрацоўнічаць... Будзем каардынавацца. Я б пажадаў поспехаў гэтай новай арганізацыі, новай структуры
Нельга разарвацца
Вы ж ведаеце, што партыя БНФ запрашала арганізатараў Кангрэса на адно з паседжанняў Сойма. І ПБНФ вызначыла сваю пазіцыю. Яна была б гатовая далучыцца да аргкамітэта Кангрэса. Умовай было прызнанне дакументаў, якія былі прынятыя і падпісаныя ў абарону незалежнасці краіны. У тым ліку Віленскі мемарандум, які быў прапанаваны Радай БНР. Гэта была наша жорсткая ўмова. Але мы сябрам партыі не забаранялі прыходзіць на Кангрэс... Чаму я не быў? Усё ж я сябра Сойма. У дадатак я з'яўляюся ўдзельнікам Усебеларускага кангрэса за незалежнасць, сябрам яго Рады. Гэты кангрэс таксама з'яўляецца дзеючай пляцоўкай. Нельга разарвацца паміж падобнымі ідэямі
Не кангрэс, а сустрэча ў парку
Таму што гэта быў не кангрэс, а сустрэча ў парку нейкіх людзей. Кангрэс – гэта выбраныя дэлегаты, нейкая павестка дня дамоўленая. Працэдуры канкрэтныя. А гэта сустрэча ў парку па інтарэсах. Я такія рэчы кангрэсам не лічу. Бо калі такія рэчы лічыць кангрэсам, то пяць чалавек на лаўцы ў парку могуць сябе абвясціць Кангрэсам дэмакратычных сіл. Прабачце ― гэта не так
Было запланаванае мерапрыемства ― летнік "Дыджэі Адраджэння"
У мяне пытання хадзіць альбо не хадзіць, не было. Яшчэ на пачатку года ў мяне было запланаванае мерапрыемства ― летнік "Дыджэі Адраджэння". 17 гадоў мы ўжо праводзім яго. І з пятніцы па нядзелю я быў там. На жаль, так склалася... Калі б я меў час, калі б мяне запрасілі ― я б мог, я б схадзіў... Афіцыйнага запрашэння я не атрымліваў, ведаў аб кангрэсе агульную інфармацыю, як грамадзянін. Я б прыйшоў, там багата сабралася людзей, якіх хацеў бы ўбачыць, якіх паважаю. Няма праблем схадзіць, пастаяць пад бела-чырвона-белым сцягам. Нават атрымаць пратакол
Праводзілі трэнінг для нашых спікераў
Ну гэта ж не абавязкова, калі нейкае мерапрыемства праводзіцца, каб там былі ўсе. Усё ж залежыць ад парадку дня, ад арганізатараў... Мы на выходных праводзілі трэнінг для нашых спікераў з рэгіёнаў, рыхтавалі канферэнцыю прадпрымальнікаў, якая сёння ў Гомелі пачалася. Лічу, што гэта карысная справа
Гэта выглядала як спроба ператасаваць старую калоду
Найперш я лічу, што мерапрыемства не адпавядала тым амбітным мэтам, якія былі заяўленыя. Насамрэч гэта выглядала як спроба ператасаваць старую калоду апазіцыйных актывістаў. На жаль, у такім фармаце падзея прыносіць больш расчаравання, чым жадання нешта рабіць разам, ставіць больш амбітныя задачы. Мы лічым, што на сёння ёсць дастаткова шмат магчымасцяў для супрацоўніцтва, ёсць розныя пляцоўкі. Напрыклад, стала дзеючай Нарада дэмакратычных сіл. У яе межах можна вырашаць усе тыя задачы, якія былі агучаныя ініцыятарамі Кангрэса
Людзей не цікавіць тэма штучнага і віртуальнага аб'яднання апазіцыі
Мы пра сваю пазіцыю гаварылі даўно. Мы лічым, што апазіцыйным сілам не патрэбныя нейкія надбудовы, каб працаваць з грамадствам. А гэта галоўнае, на што мы скіраваныя ― працаваць з новымі людзьмі, з тымі, каго цікавіць палітыка. Мы ўжо вызначыліся са сваёй стратэгіяй і тактыкай... Людзей не цікавіць тэма штучнага і віртуальнага аб'яднання апазіцыі. Гэта я вам дакладна гавару