"Гэта іншае": як беларуская прапаганда дэманізуе пратэсты

Пратэст у Казахстане і Беларусі / Еўрарадыё
Пратэст у Казахстане і Беларусі / Еўрарадыё

Еўрарадыё пастаянна ловіць беларускую прапаганду на фэйках, хлусні, падмене паняццяў і скажэнні рэальнасці. Праз нашы штотыднёвыя тэсты можна паглядзець, як дзяржаўныя СМІ спрабуюць залезці ў галаву да беларусаў і праціснуць нешта выгаднае для іх. Мы пастаянна публікуем разборы фэйкаў у тэлеграме і абмяркоўваем прапаганду на ютубе.

Гэтым разам мы сабралі ў тэкст некалькі цытат, у якіх прапагандысты дэманізуюць беларускія пратэсты на фоне падзей у Казахстане і гавораць пра "не дапусцім, не хочам, каб было так". Але падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе і ў Казахстане ў 2022-м выглядаюць аднолькава толькі ва ўяўленні стваральнікаў міфаў у дзяржСМІ.

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты
Алматы, Казахстан / FRENCH PRESS AGENCY - AFP

Для пачатку нагадаем, што было ў Казахстане: трыгерам для пратэстаў сталі цэны на звадкаваны газ, якія рэзка выраслі ў краіне з пачатку года. Улады Казахстана тлумачылі гэта пераходам на "цалкам рынкавае фармаванне цэн".

Па ўсёй краіне выбухнулі пратэсты, улады абвясцілі пра зніжэнне цэн на газ, але гэта не дапамагло — пачаліся сутыкненні з сілавікамі. Такаеў распусціў урад, увёў у частцы краіны надзвычайнае становішча, папрасіў дапамогі ў АДКБ. Сілы АДКБ праз некалькі дзён пасля прыбыцця пакінулі Казахстан, а ў канцы студзеня парламент адмяніў пажыццёвае старшынства Нурсултана Назарбаева ў Савеце бяспекі і ў Асамблеі народа Казахстана (АНК).

А цяпер да прапагандыстаў.

ЗША імкнецца да сусветнага панавання і пратэстамі крочыць па планеце

Калі аргумент "а вы дзярждоўг ЗША бачылі?" ужо трохі састарэў, то аргумент "ЗША хоча заваяваць увесь свет", здаецца, будзе вечны. Яго ўжо дзясяткамі гадоў паўтараюць у розных інтэрпрэтацыях урадавыя чыны ад Венесуэлы да Беларусі. Яго любіць выкарыстоўваць Лукашэнка, яго любяць паўтараць і "гаваркія галовы" беларускай прапаганды. Кожны раз гэта гучыць па-рознаму, але газета "СБ. Беларусь сегодня" не забылася выкарыстаць гэты аргумент у часе падзей у Казахстане.

У артыкуле пад аўтарствам Ганны Курак і загалоўкам "Адкуль у Казахстан прыйшоў тэрор" расказваецца пра падзеі ў Казахстане. Падводзяцца вынікі па адміністрацыйных і крымінальных справах. І як быццам бы гэта нешта даказвае, прыводзіцца меркаванне сябра Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргея Сыранкова:

"Гэта яшчэ раз бясспрэчна даказвае факт наяўнасці нейкай сілы, якая фінансуецца Захадам і пастаянна спрабуе распаліць полымя грамадзянскай вайны ў былых постсавецкіх рэспубліках. Пры гэтым стратэгічная мэта застаецца нязменнай — стварэнне пунктаў кіпення па так званай восі турбулентнасці вакол межаў Расіі ў мэтах аслаблення яе як адной з найважнейшых геапалітычных сіл на сусветнай арэне. Як ні круці, а Масква ёсць адной з сіл, што стрымліваюць Вашынгтон, які так імкнецца да сусветнага панавання. Тактычныя задачы і метады, па якіх развіваюцца сумныя падзеі, могуць быць абсалютна рознымі ў залежнасці ад краіны. Напрыклад, для Беларусі быў распрацаваны адзін сцэнар, для Казахстана — іншы. Але відавочна, што заказчыкі ў гэтых узрушэнняў адны і тыя".

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты
Праспект Пераможцаў у Мінску 16 жніўня 2020-га / фота Дзмітрыя Брушко

Як лічыць "эксперт", "трагічная сітуацыя ў Казахстане — наглядны прыклад таго, што магло б здарыцца пасля падзей жніўня 2020 года, калі б наш народ не згуртаваўся вакол Прэзідэнта, які першым стаў на абарону Айчыны ад унутраных і знешніх ворагаў".

Як згуртаваўся народ вакол прэзідэнта Казахстана і дзе тое згуртаванне вакол беларускага прэзідэнта, Сыранкоў не расказвае.

Гладкая з Казахстана

Разам з беларускімі войскамі ў складзе місіі АДКБ Беларусь адправіла і двух прапагандыстаў — Азаронка і Гладкую.

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты
Азаронак і Гладкая / скрыншот відэа

ДзяржСМІ адправілі разам з імі і іншых супрацоўнікаў здымаць рэпартажы. Тады ў сваім відэазвароце Азаронак і Гладкая расказвалі, што хочуць паказаць беларусам "безмеж каляровых рэвалюцый". Але безмежы асабліва паказаць не атрымалася: у Азаронка выйшаў кароткі відэасюжэт з нарэзкай старых кадраў, а Гладкая нарабіла прапагандысцкіх артыкулаў у "СБ. Беларусь сегодня". Вось цытата з артыкула "За крок ад прорвы":

"Так і хочацца сказаць: ГУБАЗіК на вас няма. Як не стае яго і на бэчэбэшных змагароў у Лондане, якія выйшлі на так званую "акцыю салідарнасці" з пратэстамі ў Казахстане. Глядзіш на гэтых "неверагодных" — і выснова напрошваецца адна: усе яны падтрымліваюць галаварэзаў і марадзёраў, якія рабілі бясчынствы на тэрыторыі Казахстана. Страшна ўявіць, што было б, не дапусці рашучасці і стойкасці наша дзяржава ў адстойванні нацыянальных інтарэсаў".

Як можна было сумясціць "неверагоднасць" і падтрымку з галаварэзамі і марадзёрамі?

Гігін праводзіць паралель паміж Ціханоўскім і Казахстанам

Ствараецца ўражанне, што былы дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ мае меркаванне па кожнай падзеі, якая адбываецца ў свеце, і ўмее звязваць яе з Беларуссю. Часам гэта проста выдуманыя прагнозы: "Калі б у жніўні тыя перамаглі, у нас бы тут усё цалкам кіравалася з-за мяжы. Мы б не Канстытуцыю новую абмяркоўвалі, а наогул невядома, што б адбывалася на нашай тэрыторыі". А часам гэта ўзбуджаныя паралелі пра крымінал у дзвюх розных краінах.

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты
На перадвыбарным пікеце, 24 траўня 2020-га / Еўрарадыё

"У 2020 годзе ў Беларусі таксама адзначаўся ўдзел прадстаўнікоў крымінальнага свету ў спробе дзяржаўнага перавароту. Скажам, нямала іх было ў асяроддзі небезвядомага Сяргея Ціханоўскага. Але тады ім далі па руках айчынныя праваахоўнікі. Прыкметны рост актыўнасці крымінальных груповак менавіта на палітычным полі і ў Расіі. Кожная пераходная сітуацыя, аслабленне дзяржаўных інстытутаў, няхай гэта будзе транзіт улады або пандэмія, ствараюць для крымінальнага свету добрую глебу. Яны не прапусцяць магчымасці паспрабаваць стварыць сваю ценявую псеўдадзяржаву. Арганізаванасць бандаў у Казахстане, іх цесная сувязь з мясцовымі крымінальнымі аўтарытэтамі — яркае таму пацверджанне".

Лукашэнка расказвае пра "Балта-Чарнаморскі плацдарм"

"Я ўжо вам казаў: калі б толькі гэтыя "ачумелыя неверагодныя" ў Беларусі хоць бы на адзін дзень, як у Казахстане было, захапілі хай не Палац Незалежнасці, а які-небудзь урадавы будынак, абвясцілі сябе ўладай і заклікалі сюды натаўскія войскі, а яны былі ўжо на нізкім старце... Нам удалося тады захаваць краіну.

Захад неабдумана паспрабаваў рэалізаваць даўнія планы па стварэнні Балта-Чарнаморскага плацдарма. Мы гэтага не дазволілі тады. І мы гэтага не можам дазволіць і надалей!" — так Лукашэнка расказваў у нядаўнім пасланні беларускаму народу.

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты
Лукашэнка ў часе звароту / БЕЛТА

Дзіўна, што Лукашэнку не расказалі ў Магілёўскім педагагічным інстытуце пра тое, што гісторыя не цярпіць умоўнага ладу. І дзіўна, што ён забыўся згадаць расійскі плацдарм, які Расіі ўдалося стварыць за час вайсковых вучэнняў.

"Жёлтые сливы" паўтараюць сказанае

Прапагандысцкі тэлеграм-канал у традыцыйнай форме ў часе пратэстаў у Казахстане трансляваў меркаванні "экспертаў", "палітолагаў" і рэпосціў запісы з іншых каналаў, якія належаць да адной сеткі. Але адзін з допісаў выглядае аўтарскім — ён з'явіўся раней за ўсіх і падобны па стылі да самапіснага допісу. "Мы для іх — палігон, эксперыментальная пляцоўка перад кідком на Усход. Апрабаваўшы ў нас, яны пойдуць туды", — так анатуецца відэа, у якім Лукашэнка кажа гэтыя словы. Нібыта гэта пацвярджае гісторыю, што Лукашэнка папярэджваў пра гэта.

"Нагадаць, калі гэта было сказана? 26 траўня 2021 года, адразу пасля заходняй правакацыі з пасадкай самалёта "Райнэйр". Лукашэнка не адзін раз папярэджваў: Беларусь для іх не галоўная мэта. Так, аперытыў. А вось асноўная страва на ўсёй вялізнай прасторы ад Смаленска да Ціхага акіяна.

Усё так і здарылася: пасля РБ яны сунуліся ў РФ. Але там удумліва вывучылі наш досвед і адразу далі па зубах. І добра так далі! Вораг адступіў, каб адкусіць у іншым месцы — у Казахстане, у паўднёвым падбрушшы Расіі.

Вам жа казалі... Не, вам нават спявалі: "Слухай бацьку!" Бацька дрэннага не параіць".

Прыдыбайлу нават узнагародзілі

Нядаўна Лукашэнка ўзнагародзіў тэлепрапагандыста Канстанціна Прыдыбайлу медалём Францыска Скарыны. У тлумачэнні да ўзнагароды называліся прычыны: "За вялікі асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі". Паглядзіце на гэты ўнёсак у развіццё журналістыкі, гэта толькі адзін з многіх допісаў у яго тэлеграм-канале ў часе пратэстаў у Казахстане.

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты

"Да ўсяго гэтага яшчэ варта дадаць, што ў часе жывога эфіру паслання Лукашэнкі маўчалі апазіцыйныя памыйніцы як Беларусі, так і Расіі. Таму што ўбачылі, што зрабіла АДКБ у Казахстане. Бачылі, як Расія дапамагла Беларусі. Цяпер назіраюць, як сціскаецца ў адзіны кулак Саюзная дзяржава.

А прычыны для вайны не дзве, як сказаў Лукашэнка. Адна. Напад на нашу Радзіму, якая ад Брэста да Уладзівастока".

Вальфовіч чакае рэваншу

Звычайна кіраўніка Генштаба не адносяць да прапагандыстаў, але яго стараннасць у часе пратэстаў у Казахстане і спекуляцыя на гэтай тэме прымусілі нас унесці яго ў гэты спіс.

“Это другое”: как белорусская пропаганда демонизирует протесты
Аляксандр Вальфовіч / БЕЛТА

"Услед за падзеямі 2020 года ў Беларусі сёлета адбылася рэзкая эскалацыя абстаноўкі ў Казахстане". Гэта гаворыць пра "дэстабілізацыю калектыўным Захадам усёй постсавецкай прасторы". "Антыбеларускія цэнтры па-ранейшаму выношваюць намер узяць рэванш", — гэта словы Вальфовіча з інтэрв'ю БЕЛТА.

Лукашэнка і пара адэкватных слоў

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што калі пастарацца, то можна знайсці нейкую адэкватнасць у тонах прамоў дзяржаўных галоў. Напрыклад, Лукашэнка неяк заявіў, што не трэба ўсюды шукаць знешні след.

"Так, мы шмат цяпер гаворым пра знешняе ўмяшанне. Пройдзе крыху часу, імёны, прозвішчы, адрасы, паролі, яўкі гэтых дзеячаў будуць названыя. Але трэба разумець адно — што толькі знешні фактар ніколі не будзе адзіным. За ўсімі знешнімі фактарамі трэба бачыць і ўнутраныя. Гэта навука, якую мы ўзялі з падзей у Беларусі", — дзякуй спічрайтару, ён хоць бы паспрабаваў знізіць градус абсурднасці.

Але ці падумаў хоць нехта над гэтымі словамі ці ў бурлівым патоку прапаганды іх прапусцілі міма?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі