Мірныя акцыі, але не па нашых мерках: беларусы пра пратэсты ў Грузіі

Пратэсты ў Грузіі / REUTERS
Пратэсты ў Грузіі / REUTERS

Сілавы разгон пратэстоўцаў у Грузіі не шакаваў іх, а раззлаваў, кажа грузінская журналістка, галоўная рэдактарка "Медиасети" Дыяна Петрыяшвілі.

— Гэта была мірная акцыя, не было відавочных падставаў ладзіць гэты разгон. Але, думаю, яны не разлічылі, што пратэст будзе настолькі маштабным. Што яны не змогуць яго так хутка здушыць — і толькі раззлуюць людзей.

Калі ў Грузіі пачаліся акцыі пратэсту, беларусаў накрылі флэшбэкі. У сацсетках пачалі параўноўваць беларускі пратэст з грузінскім, а час ад часу нават даваць парады. Не, гаворка не пра тое, як "правільна пратэставаць". Беларусы раяць, што рабіць, калі слезацечны газ заліў вочы, і як паводзіць сябе падчас затрымання.
 

“У асноўным гэта мірны пратэст. Але не па беларускіх мерках”

Тоні назіраў за грузінскім пратэстам збоку. Ён прызнае, што хацеў бы далучыцца да акцыі — але не можа сабе гэтага дазволіць. Па-першае, гэта неэтычна — ён у Грузіі ўсё ж госць. Па-другое, пагражае дэпартацыяй. А вяртацца ў Беларусь яму не проста "непажадана" — нельга.

— Я прайшоўся побач. Хацеў паглядзець, як гэта адбываецца ў Грузіі. Быў параўнальна ціхі момант. Чуваць былі адзінкавыя стрэлы, невялікія выбухі. Адчуваўся пах газу.

"Мирные акции, но не по нашим меркам": белорусы о протестах в Грузии
Пратэст у Грузіі / DAVID MDZINARISHVILI/ANADOLU AGENCY VIA GETTY IMAG

У асноўным гэта мірны пратэст. Хоць і не па беларускіх мерках.

Думаю, той жа кактэйль Молатава быў правакацыяй. Можа, нам проста нязвыкла гэта бачыць? Бо заўсёды ёсць і радыкальна настроеныя групы людзей. А 9 жніўня 2020 года такія людзі былі і ў Беларусі, і яны былі шчырыя ў сваіх дзеяннях.

Як і ў Беларусі, тут я бачыў, як людзі дапамагаюць адно аднаму. Грузіны наогул заўсёды гатовыя дапамагчы адно аднаму, але на пратэстах кансалідуюцца яшчэ больш. А яшчэ мне здаецца, што яны больш, чым мы, абараняюць адно аднаго, не даюць сілавікам выцягваць людзей з натоўпу.

Зрэшты, у пачатку пратэстаў і ў Беларусі гэта працавала. Проста ў нейкі момант усё змянілася. За тое, што ты абараніў чалавека, штурхнуў паліцэйскага і дапамог пазбегнуць сутак, можна было з'ехаць на некалькі гадоў у турму. Гэтым мала каму дапаможаш.

Мы не разумеем на 100% грузінскі кантэкст, так што ад парадаў я стараюся ўстрымлівацца. Можна хіба што папярэдзіць, што рэпрэсіўная машына можа раскруціцца вельмі хутка.

А яшчэ можна даць практычныя парады. Напрыклад, насіць маскі на пратэстах. Можна параіць, што рабіць, калі слезацечны газ залье твар. Параіць, як апрануцца на акцыю пратэсту, што рабіць падчас затрымання. Такія парады могуць быць карысныя — а любыя іншыя парады недарэчныя. Каментаваць тактыку пратэсту — некарэктна. Гэтак жа некарэктна, як каментары замежнікаў пра мірны пратэст беларусаў.

Скажу шчыра: праз тое, што ў прыватных размовах мяне і беларусаў "павучалі", як правільна пратэставаць, у мяне спачатку прамільгнула думка — ну, пакажыце, чаго вы вартыя. Але яна хутка знікла. Я жадаю Грузіі толькі найлепшага: хай пратэстоўцы даб'юцца свайго, а краіна ўрэшце ўступіць у ЕС. Тут ёсць людзі, якія заслугоўваюць гэтага, і я на іх баку.
 

“Яны высоўваюць патрабаванні — і ставяць дэдлайны”

Марыя [імя змененае] лічыць, што акцыя пратэсту ў Грузіі — гэта страшны сон беларуса ўзору 2020 года. Грузіны настроеныя нашмат радыкальней. І ўсё ж у гэтых пратэстаў ёсць нешта агульнае: салідарнасць.

Вокамгненна ўзнікаюць пункты дапамогі, кавярні, якія адчыняюць дзверы пратэстоўцам і частуюць іх кавай, — усё гэта беларусам знаёма.

— Закон, праз які пачаліся пратэсты, звязаны з фінансаваннем НДА. Іх хацелі абавязаць рэгістравацца як замежныя агенты. Але зразумела, што многіх гэтыя пытанні не вельмі цікавяць — многія наогул не вельмі разумеюць, што такое НДА.  Мабілізаваць такую колькасць людзей на абарону правоў гэтых арганізацый было б цяжка. Не толькі ў Грузіі — у Беларусі гэта было б настолькі ж складана.

"Мирные акции, но не по нашим меркам": белорусы о протестах в Грузии
Пратэсты ў Грузіі / AFP

І таму грамадзянская супольнасць вырашыла рабіць акцэнт на тым, што гэты закон — калька з расійскага. А насельніцтва Грузіі хоча ў ЕС, а не ў Расію, для іх гэта быў сур'ёзны трыгер.

У Беларусі акцыі былі падкрэслена мірнымі. Ніякіх правакацый, ніякага гвалту. Усе памятаюць гэты эпізод з лавачкай і знятым абуткам. У Грузіі ўсё не так.

Так, днём пратэст таксама быў мірным, не было ніякіх разбурэнняў. Але калі ўвечары паліцыя папрасіла людзей разысціся, яны адрэагавалі не так, як беларусы: грузіны палілі машыны, узрывалі феерверкі. Вядома, не забівалі — але рабілі ўсё, каб паказаць дзяржаве, што яны моцныя і могуць сябе абараніць.

І мне здаецца, што і беларусы, калі б ведалі, што будзе наперадзе, таксама былі б не такімі мірнымі. Але ў 2020 годзе мы не былі гатовыя паліць машыны або даваць адпор паліцыі.

У адрозненне ад Беларусі, тут гучыць і шмат палітычных заяваў, падчас мітынгу хто-небудзь іх абавязкова агучвае. Пратэстоўцы фармулююць патрабаванні — і даюць вельмі малыя тэрміны на тое, каб іх выканаць. На адкліканне закона далі гадзіну — а потым пачалі штурмаваць парламент. У грузінскіх пратэстоўцаў ёсць план, якога яны прытрымліваюцца.

Так, у беларусаў таксама быў план, але не было дэдлайнаў і не было паслядоўнасці.

Але ёсць і падабенства: у Грузіі, як і ў Беларусі, на акцыях вельмі шмат плакатаў. У Грузіі таксама выкарыстоўваюць музыку, каб падбадзёрыць, стварыць атмасферу.

"Мирные акции, но не по нашим меркам": белорусы о протестах в Грузии
Пратэсты ў Грузіі / DAVID MDZINARISHVILI/ANADOLU AGENCY

Яшчэ адно падабенства: самыя розныя групы людзей пачынаюць збіраць подпісы. Тое самае было і ў Беларусі. Медыкі, спартоўцы, НДА — усе падпісвалі лісты супраць гвалту. Тое ж цяпер адбываецца тут. Розніца толькі ў наступствах. Беларусы ведаюць, што кавярні, якія пускалі пратэстоўцаў, атрымлівалі разбітыя вокны ад ГУБАЗіКа. Ведаюць, што людзі, якія падпісалі адкрытыя лісты, вымушаныя былі з'ехаць з краіны. Ці будуць наступствы для такіх актывістаў у Грузіі, пакуль незразумела.

Чаму нашы пратэсты так моцна адрозніваюцца? Я думаю, прычына ў досведзе. У Грузіі ёсць досвед пратэстаў, калі грамадзянская супольнасць дамагалася сваіх мэтаў праз пратэст.

Што ж да адносін з сілавікамі — пакуль сітуацыя не падобная да беларускай. Але калі ў 2020 годзе сілавікі на пратэстах насілі толькі медыцынскія маскі, то цяпер ёсць і балаклавы. Ёсць затрыманні. Так, кажуць, што затрымліваюць толькі тых, хто паліў машыны і ламіўся ў парламент. Але мы ведаем, што на горцы гвалту можна разагнацца вельмі хутка.
 

“Парады выглядаюць недарэчна”

Блогер Міхаіл Цыганкоў прыехаў у Грузію прыкладна год таму. На той час з пратэснага лета 2020-га прайшло ўжо два гады.

— Ужо і многія беларусы яго не абмяркоўваюць, а для грузінаў гэта тым больш ужо не такая важная тэма, так што нейкіх сур'ёзных размоваў пра гэта я не чуў. Былі проста ацэначныя меркаванні, кепская ці добрая ў Беларусі ўлада. Варта было ці не варта было выходзіць — не больш.

"Мирные акции, но не по нашим меркам": белорусы о протестах в Грузии
Пратэсты ў Грузіі / EPA-EFE/REX/SHUTTERSTOCK

Што я адчуў, калі пачаліся пратэсты ў Грузіі? Нешта накшталт: "Вельмі класна, што ў гэтай краіне людзі актыўна адстойваюць свае меркаванні і змагаюцца за сваю праўду, гэта тое, чаго не хапала нам".

Сам я на свае вочы гэты пратэст не бачыў і сачу за ім па жывых эфірах навін. Хоць стужкі перапоўненыя паведамленнямі пра "жорсткія разгоны", гэта і блізка не той узровень жорсткасці, які быў падчас беларускіх пратэстаў з боку беларускіх сілавікоў.

І так, я б параіў усім, хто нешта прапануе ў дачыненні да чужых пратэстаў, не прапаноўваць. Гэта выглядае недарэчна, мякка кажучы. У грузінаў ёсць досвед пратэстаў і рэвалюцый, прычым удалых. Таму калі беларусы ці рускія ім нешта раяць або маюць меркаванне з гэтай нагоды, гэта выглядае вельмі недарэчна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі