"Гэта пытанне жыцця і смерці": з беларускіх аптэк знік імпартны інсулін

Прэпарат "Інсуман рапід" / diabetiya.ru
Прэпарат "Інсуман рапід" / diabetiya.ru

З беларускіх аптэк знік імпартны інсулін для хворых на дыябет "Інсуман рапід" і "Інсуман базал". Яго няма ні ў дзяржаўных аптэках, ні ў прыватных. У "Белфармацыі" разводзяць рукамі — паставак няма. А вытворца і пастаўшчык бадзёра рапартуе: "інфармацыі ад пацыентаў і дактароў аб дэфіцыце інсуліну не атрымлівалі" і "кампанія цалкам выканала свае абавязацельствы па пастаўках прэпаратаў".

Ірына, чыя маці хварэе на дыябет, расказала Еўрарадыё, што па апошнім рэцэпце яны купілі патрэбныя прэпараты, але цяпер у аптэках іх няма:

"У маёй мамы больш за 15 гадоў дыябет. Яна штодня коле сабе інсулін. Ад беларускага ў яе былі пабочныя эфекты, і ёй прапісалі "Інсуман рапід" і "Інсуман базал". Яны падышлі. Калі яна апошні раз па рэцэпце купляла ў аптэцы лекі, ёй сказалі, што гэты інсулін у Беларусь больш прывозіць не будуць! Доктар нам сказаў, што таксама пакуль нічога не ведае. Зараз у мамы ёсць інсулін да канца года. Што далей — незразумела".

“Это вопрос жизни и смерти”: из белорусских аптек пропал импортный инсулин

Інсулін "Інсуман Рапід" і "Інсуман базал" вырабляе ў Германіі кампанія "Санафі-авэнтыс". Кіраўнік беларускага прадстаўніцтва "Санафі" Уладзімір Думлер расказаў Еўрарадыё, што кампанія не атрымлівала ад пацыентаў і дактароў інфармацыі пра дэфіцыт інсуліну іх вытворчасці:

"Санафі" працягвае вырабляць і пастаўляць у Беларусь і "Інсуман рапід", і "Інсуман базал" у рамках праграмы льготнага лекавага забеспячэння. З 2019 года прэпараты пастаўляюцца ў форме аднаразовых шпрыц-ручак "СолаСтар". Пастаўкі прэпаратаў у флаконах больш не ажыццяўляюцца, паколькі з канца 2018 года кампанія зняла з вытворчасці гэтую форму".

У прадстаўніцтве асобна падкрэслілі, што кампанія "цалкам выканала свае абавязацельствы па пастаўках прэпаратаў на 2019 год згодна з графікам Міністэрства аховы здароўя".

Імпартны інсулін знікае з продажу ў Беларусі не ўпершыню

У інфармацыйна-фармацэўтычным цэнтры "Белфармацыі" расказалі, што цяпер у Беларусі прэпаратаў "Інсуман рапід" і "Інсуман базал" у продажы няма. Калі з'явяцца, яны не ведаюць: "Паставак пакуль няма. Калі будзе, мы не ведаем, пакуль ніхто нічога не абяцае. Мы рабілі яшчэ запыт на вясну-лета, але пастаўкі пакуль не было".

У 2018 годзе ў Беларусі было 320 тысяч хворых на дыябет. Мяркуючы па паведамленнях на профільных рэсурсах, напрыклад на сайце-даведніку tabletka.by, прэпараты "Інсуман рапід" і "Інсуман базал" перыядычна знікаюць з аптэк. Ледзь не кожны год людзі пытаюцца, калі ў продажы з'явіцца гэты інсулін.

“Это вопрос жизни и смерти”: из белорусских аптек пропал импортный инсулин

"Гэты від прадукцыі з'яўляецца і знікае з аптэк абсалютна бессістэмна. З-за нізкага і нерэгулярнага плацежаздольнага попыту большасць аптэк не працуе са шпрыц-ручкамі і інсулінамі. Таму прадказаць, дзе і калі нешта з'явіцца, мы не можам. Часцей больш кампетэнтнымі ў гэтым пытанні бываюць эндакрынолагі. Таксама можна размаўляць з аптэкамі, у якіх шпрыц-ручкі былі раней, на прадмет магчымасці набыцця пад заказ", — раяць людзям мадэратары сайта-каталога.

"Ад беларускага інсуліну адслойвалася скура, як пасля апёку"

Ірына, у якой здароўе маці залежыць ад замежнага інсуліну, хвалюецца, што з-за адсутнасці прэпарату ў Беларусі могуць зноў прапісаць беларускі інсулін:

"Спачатку ёй прапісалі беларускі інсулін. Цукар ён зніжаў, але маме ад яго было нядобра, з'явіліся пабочныя эфекты. Напрыклад, адслойвалася скура, нібы пасля апёку. Маме 66 гадоў, у яе, акрамя дыябету, выдалена шчытападобная залоза і высокі ціск. Так што гэта літаральна пытанне жыцця і смерці. Як і ў астатніх дыябетыкаў, яны ўжо таксама хвалююцца".

Еўрарадыё звярнулася па каментарый да Міністэрства аховы здароўя, але пакуль яго не атрымала.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі