"Гэта рускія землі, а якія ж яшчэ?": У эфіры "Эхо Москвы" абмеркавалі ВКЛ
Рэшткі замка ў Наваградку — першай сталіцы ВКЛ. Фота: www.philosophy.by
У эфіры праграмы "Будзем назіраць", абмяркоўваючы аўтакефалію Украінскай праваслаўнай царквы з вядучым Сяргеем Бунтманам, галоўны рэдактар маскоўскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксей Венедыктаў раптам загаварыў пра гісторыю Вялікага княства Літоўскага:
— Віктар Ерафееў, які быў у нас учора, ён гартаў ўчора апошні "Дылетант" [расійскі гістарычны часопіс для сямейнага чытання. — Еўрарадыё], дзе помнік 1000-годдзя Русі [помнік "Тысячагоддзе Расіі" ўстаноўлены ў 1862 годзе ў Вялікім Ноўгарадзе. — Еўрарадыё]. Кажа: "Як чатыры літоўскіх князі? Я не ведаў. А чаму яны на помніку 1000-годдзя Русі", — кажа Віця, які добра ведае гісторыю. А таму, Віця, што мы з табой вучыліся ў савецкай школе і таму што мы з табой не ведалі, што такое Вялікае княства Літоўскае ад мора да мора, якое ўбірала ў сябе і частку цяперашняй Беларусі, частку цяперашняй Украіны і Прыбалтыку [гаворка ідзе пра Балтыйскія дзяржавы. — Еўрарадыё]. Гэта была дзяржава шмат у чым, у большасці насельніцтва праваслаўная. І, дарэчы, звалася яна, па-мойму, так: Вялікае княства літоўскіх і рускіх земляў [поўная назва ВКЛ — Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых земляў. — Еўрарадыё]. Так называлася афіцыйна.
— Гэта рускія землі, — падтрымаў суразмоўцу Сяргей Бунтман. — А якія ж яшчэ? Вядома.
— І таму Лукашэнка, дарэчы — давай не забудзем пра Лукашэнку ў гэтай гісторыі — кажа, што "Мы нашчадкі Вялікага княства Літоўскага. Калі мы былі, Масквы яшчэ на было, а Вільня ўжо была... а Полацк ужо быў. І Віцебск быў". Гэта выклікае такую цікавасць да гісторыі велізарную. Вось гэта для мяне самы вялікі плюс", — падсумаваў Венедыктаў.
У Еўрарадыё не атрымалася знайсці выказванне Аляксандра Лукашэнкі, на якое спасылаецца Аляксей Венедыктаў. Застаецца заўважыць, што Полацк і Віцебск сапраўды згадваюцца ў летапісах на 285 і 173 гады раней за Маскву. А вось першая згадка пра Вільню адносіцца да 1323 года, і гэта на 176 гадоў пазней, чым 1147 год, да якога адносіцца першая згадка Масквы.
У тым жа выпуску праграмы Венедыкт распавёў, як Уладзімір Пуцін адрэагаваў на 4 мяхі бульбы, якія пасля перамоваў 29 снежня падарыў яму Аляксандр Лукашэнка:
"Я сапраўды бачыў, што Пуцін не ведаў, як рэагаваць. Я проста гэта бачыў. То бок, гэта нейкі тролінг, для яго недасяжны. Адзінае, што ён мог сказаць: а што яшчэ Беларусь можа падарыць. Гэта значыць такія водгукі, пошугі іх размоў. Што яшчэ можна з іх узяць. Картоху".
Падкаст: Як канфлікт паміж Мінскам і Масквой будзе вырашацца ў 2019 годзе?