"Гэтым хіба што кароў агароджваць”. Як акультурваюць Вайсковыя могілкі ў Мінску

"Гэтым хіба што кароў агароджваць”. Як акультурваюць Вайсковыя могілкі ў Мінску

Рабочыя ў форме Спецкамбіната КБА спрытнымі мурашамі ходзяць паміж пахаваннямі на Вайсковых могілках у Мінску. Некалькі дзён таму тут пачалося “добраўпарадкаванне”: на могілках прыбіраюць агароджы, пілуюць дрэвы, зносяць старыя крыжы і надмагіллі. Замест іх ставяць аднолькавыя невялічкія пліты — так званыя "надгалоўнікі".

Асноўны аргумент рабочых — недагледжанасць старых пахаванняў.

— Мы ж усе не знішчаем, — тлумачыць адзін з іх. — Проста патрэбны парадак. Прыбіраем толькі тыя надмагіллі, што развальваюцца, а іншыя пакідаем.

— Але ж гэта гісторыка-культурная спадчына…

— А вы што, лічыце гэта гісторыка-культурнай спадчынай? — пытаецца ў мяне адзін з рабочых, указваючы на старыя безыменныя пахаванні.

— Гэтыя могілкі менавіта ў гэтым выглядзе прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю, — тлумачу я.

Ужо цяпер можна параўнаць могілкі да і пасля акультурвання.

— Ды такія надмагіллі нават у вёсках ужо не сустрэнеш, а гэтай агароджай хіба што кароў агароджваць, — разважае рабочы. — Паставілі абы што.

— Павінен быць адзіны нарматыў на помнікі. Навошта такое страхалюддзе ў цэнтры горада? — далучаецца да разважанняў іншы рабочы, закідваючы зямлю ў тачку. — А цяпер будзе прыгожа, траву пасадзіць можна будзе і гуляць паміж пахаваннямі.

Праблема ў тым, што словы “культурна” і “прыгожа” дзяржава і грамадскія актывісты разумеюць па-свойму...

Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова ў Мінску — адны з самых старых у сталіцы. Могілкі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Першы раз яны згадваюцца ў 1840 годзе. На гэтых могілках пахаваныя літаратары Якуб Колас, Янка Купала і Кузьма Чорны, гісторык Усевалад Ігнатоўскі і аўтар дзяржаўнага гімна Міхась Клімковіч.

Аб'весткі з патрабаваннем прывесці надмагіллі ў парадак з’явіліся на Вайсковых могілках у 2015 годзе.

"Гэтым хіба што кароў агароджваць”. Як акультурваюць Вайсковыя могілкі ў Мінску

А ўжо сёлета у студзені Еўрарадыё пісала, што калі ў бліжэйшы час ніхто не акультурыць старыя надмагіллі, Спецкамбінат КБА пачне іх дэмантаж і ўтылізацыю.

"Адзіны дзяржаўны знак, надгалоўнік, як на воінскіх пахаваннях, ужо можна ўбачыць у іншай частцы вайсковых могілак, — тлумачыла Еўрарадыё намесніца дырэктара могілак Ірына Тушынская. — Там, дзе ёсць прозвішча, яно будзе нанесенае, а калі магіла безназоўная, дык яна такой і будзе пакінутая".

Змены закранулі не толькі помнікі, якія разваліліся, але і пахаванні, якія захаваліся добра. Напрыклад, арыгінальны помнік Эміліі Манэ, цешчы Янкі Купалы, памянялі на “больш сучасны”:

Фота: facebook.com/pavel.dziusekau.1/

Новыя надмагіллі падобныя на фігуры японскіх шахмат сёгі. Шэрыя чатырохкутнікі адзінага ўзору, спрасаваныя з гранітнай крошкі, тырчаць плешкамі цвікоў.

Немалы рэзананс атрымала відэа, на якім рабочыя дэмантуюць агароджу з магілы прафесара Маісея Выдрына:

“Мы ж ўсіх папярэджвалі, развешвалі аб'явы, што трэба заняцца уборкай магіл. Але за амаль тры гады практычна нічога не памянялася. Могілкі старыя, за гэтымі пахаваннямі ўжо няма каму сачыць, вось мы і заняліся добраўпарадкаваннем, — распавядае адзін з рабочых. — Раней не было ніякіх нормаў, магілы рабілі шчыльна адна да адной, паміж агароджамі праходу няма. Не прайсці. Тады сучасных санітарных нормаў не было, а нам, уявіце, трэба пясок туды цягаць, цэмент, новыя надмагіллі”.

Перад тым, як заняцца надмагіллямі, той жа Спецкамбінат КБА высек на Вайсковых могілках траціну дрэў: 18 з 51. Афіцыйная прычына: прызнаныя аварыйнымі.

Неба шарэе і хмурыцца. Вось-вось пойдзе дождж. Жыццярадаснасць і працавітасць рабочых кантрастуе са спакоем могілак. Побач, каля храма Аляксандра Неўскага, рамантуюць хрысцільню. Акрамя рабочых, толькі пара чалавек непрыкаяна блукае паміж магіламі, быццам прывіды. Яшчэ не ўсталяванныя надгалоўнікі ляжаць на зямлі. Побач валяюцца штучныя кветкі.

 

"Гэтым хіба што кароў агароджваць”. Як акультурваюць Вайсковыя могілкі ў Мінску

Сваякі людзей, пахаваных на Вайсковых могілках, а таксама гісторыкі, экскурсаводы і медыйныя асобы пратэстуюць супраць "стандартызацыі" пахаванняў. Яны лічаць, што гэта пашкодзіць гістарычнаму ландшафту сталіцы.

Гісторык Павал Каралёў і іншыя збіраюць валанцёраў для уборкі, каб прадухіліць знішчэнне старых надмагілляў.

Ідзе дробны дождж, і рабочыя паскараюцца, быццам мурашы, якія баяцца вады. Адзін з іх кідае, што акультурванне закране і іншыя мінскія могілкі. Не абыдуць і Кальварыю.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі