Гісторыі наведвальнікаў мінскага аквапарка: пералом ключыцы і пазванка
Людзі, якія атрымалі сур’ёзныя траўмы ў аквапарку, расказваюць Еўрарадыё акалічнасці здарэнняў.
Гісторыі пацярпелых у новым мінскім аквапарку вельмі падобныя. Адбыліся яны на адным і тым жа атракцыёне. Маладых людзей раскачвала і выкідвала з цюбінга ў сярэдзіне трубы.
"Нас выкінула ў сярэдзіне трубы. Мы зноў селі, паехалі далей. Унізе там ёсць вялікая труба. Па баках з яе ідзе вада. Як я зразумеў, бакавая вада павінна тармазіць, каб чалавек спакойна даехаў да выхаду. Але нас пачало раскачваць, і да выхаду нас так раскачала ўлева-ўправа, што занесла на столь і мы зваліліся уніз. Далей я слаба памятаю", — распавядае Віталь, які ў новым мінскім аквапарку траўмаваў пазваночнік.
Усё адбылося вельмі хутка. Віталь зваліўся на спіну, а яго сябар Сяргей на цюбінг.
"Я на плот упаў, а Віталь склаўся папалам, — расказвае Сяргей. — Ён стаў трэсціся, я яго выцягнуў. Мне самому страшна. Яго трасе, я яго цягну, сам захлёбваюся. Хлопец і дзяўчына, якія там працуюць, глядзяць на нас і сядзяць. Толькі калі я сказаў, дапамажыце, яны пачалі пытацца, што здарылася. Выклікалі медсястру. Яна хацела яго падняць. Я кажу: няхай спачатку паварушыць рукамі і нагамі. Потым мы яго павялі ў медпункт, прыклалі лёд, бо медыкаментаў там мала".
"Гэта праўда. Усе медыкаменты парка ўмяшчаюцца ў адну скрыню", — кажа яшчэ адна пацярпелая Наталля, якая зламала ключыцу.
"Мы паехалі, і нас адразу пачало заносіць. Літаральна на трэцім павароце мы перакуліліся. Я думаю, што першапачаткова мы ўехалі не пад тым вуглом. Аквапарк — траўманебяспечнае месца, і можа здарыцца рознае. Але далей ужо недапрацоўка персаналу: за намі пусцілі наступных людзей, пакуль мы знаходзіліся ў трубе. А мы без цюбінга ішлі пешшу. Спачатку нас доўга несла па трубе (без цюбінга), мы неяк даехалі, затармазілі. У мяне моцна балела плячо. Хлопец пачаў грукаць па трубе. Мы акурат былі перад вялікай трубой, пачалі заходзіць у яе пешшу і пачулі, што едуць наступныя людзі".
Цюбінг выйшаў з трубы, але без людзей. Таму запалілася зялёнае святло і інструктар наверсе запусціў наступных, якія збілі Наталлю разам з сябрам з ног. Чалавек, які сочыць за трубой унізе збіраў цюбінгі і нічога не заўважыў.
"У мяне не было жадання прад'яўляць прэтэнзіі. Бо мне сказалі, што будуць выпраўляць памылкі. Але потым я прачытала, што была праверка, і апынулася, што мы каталіся тры разы, на чацвёрты пайшлі яшчэ раз, бо захацелася вастрыні, не трымаліся інструкцый. А малады чалавек унізе збіраў цюбінгі па інструкцыі, дзяўчына запусціла наступных, калі загарэлася святло, таксама па інструкцыі. Тады ў мяне прэтэнзіі да інструкцый, іх трэба дапрацоўваць".
У бальніцы хуткай дапамогі ў Наталлі дыягнаставалі пералом ключыцы са змяшчэннем. Віталь атрымаў кампрэсійны пералом 12-га пазванка. Па словах хлопца і яго сябра Сяргея, хуткая ехала каля 30-40 хвілін.
"Мы нічога не ведалі, што былі ранейшыя інцыдэнты, а потым нам у лякарні хуткай дапамогі сказалі, што да нас дзяўчына зламала ключыцу і яшчэ мужчына поўненькі, не разлічылі яго вагу, і ён выбіў пятку. А на медпункце, калі нас даглядалі, медсястра сказала, што раней нічога не было", — кажа Сяргей.
Віталь пакуль будзе лячыцца. З аквапарка на наступны дзень яму тэлефанавала медсястра, цікавілася дыягназам і прасіла напісаць паперу, што прэтэнзій да персаналу не мае. Потым нехта з адміністрацыі прасіў, каб трымаў у курсе справы.
"Я да супрацоўнікаў не маю прэтэнзій, а да аквапарка маю. Буду у суд падаваць, але пазней. Пакуль урач сказаў, каб я месяц толькі ляжаў, есці трэба лежачы, тады костка зрасцецца".
За тры тыдні пасля адкрыцця ў мінскім аквапарку — як мінімум дзве траўмы. Прычым, два пераломы. На форумах пачалі адгукацца людзі, якіх таксама перакульвала, але ім пашанцавала больш.
А ці ёсць здарэнні ў аквапарках нашых суседзяў?
У аквапарку латвійскай Юрмалы пра здарэнні распавядаюць з неахвотай.
"У нас бываюць траўмы. Але якія канкрэтна, я не маю паўнамоцтваў распавядаць, — кажа начальнік службы бяспекі. — Сур'ёзныя траўмы бываюць, але не так часта. Але і на вуліцы людзі таксама падаюць. Трэба глядзець, каб выконваліся правілы атракцыёна. Ёсць абмежаванні вагі, росту, цяжкія людзі занадта імкліва набіраюць хуткасць. Інструктар на старце мусіць распавядаць, як сядзець".
У аквапарку літоўскага горада Друскенікі чулі пра здарэнні ў Мінску. Тут распавядаюць, што і ў іх былі два сур'ёзныя здарэнні.
"Рознае і ў нас бывае. Але ў нас даюць магчымасць наступны раз наведаць аквапарк бясплатна, аплачваюць лячэнне. Я не працую ад самага адкрыцця, але пакуль за 8 гадоў было толькі два няшчасных выпадкі".
Фота: realt.onliner.by