Гісторыя Беларусі на іспыце ў 11 класе будзе пачынацца з 1917 года

Дзевяцікласнікі больш не будуць здаваць Гісторыю Беларусі. У іх забралі гэты іспыт. Але яго будуць здаваць пасля 11 класа, сёлета — толькі гісторыю пасля 1917 года.


Але ці не абмяжуюць гісторыю Беларусі 1917 годам, абмінуўшы Рэч Паспалітую і часы ВКЛ на іспыце, як гэта любяць рабіць у нашай краіне?


Як высвятляе Еўрарадыё, здаваць гісторыю пасля 1917 года будуць толькі сёлета і ў наступным годзе. Гэтыя выпускнікі ўжо паспелі распавесці пра ВКЛ і Рэч паспалітую ў 9 класе. А вось праз год адзінаццацікласнікі будуць расказваць экзаменатарам увесь курс гісторыі.


"То бок здаваць увесь курс гісторыі будуць тыя, хто ў гэтым годзе, пасля 9 класа яе не здае", — адказваюць у Мінадукацыі на перасцярогі, што экзамен па гісторыі абмяжуюць толькі Найноўшым часам.


Іспыт па поўным курсе айчыннай гісторыі адразу пасля школы — гэта пазітыўна па меркаванні школьных гісторыкаў. Бо выпускнікі будуць ведаць гісторыю сваёй краіны.


"Мы выпускаем чалавека, даем яму атэстат, і чалавек мусіць ведаць гісторыю сваёй краіны, — апісвае настаўнік гісторыі Павел, — З метадычнага пункту гледжання, гісторыя дазваляе вучням распавядаць, вучыць іх разважаць".


Вучні ведаюць сучаснасць, але не ведаюць Рэч паспалітую


Разам з настаўнікам і рэпетытарам пралічваем, якія "белыя плямы" ёсць у ведах школьнікаў па гісторыі. Найлепш, па меркаванні абодвух, вучні разбіраюцца ў сучаснай гісторыі, бо бацькі распавядаюць.


"Гэта гісторыя найноўшай Беларусі, яны ж тут жывуць. Найбольш цяжкая тэма для іх — культура Беларусі. Усе дзеячы, чым яны адметныя. Таксама цяжкі перыяд — БНР і перыяд савецка-польскай вайны", — апісвае настаўнік гісторыі Павел.


Добра ведаюць час Вялікай Айчыннай вайны, памятаюць Вялікае княства літоўскае. Не ведаюць Рэч паспалітую і эпоху ў складзе Расійскай імперыі. Такія белыя плямы называе Аляксандр Луцэвіч — рэпетытар па гісторыі і дырэктар адукацыйнага цэнтра.


"Савецкі час крыху памятаюць, бо там вайна, нешта чулі. ВКЛ — крыху памятаюць. Што там было пры Расійскай імперыі, не ведаюць, пра нацыянальныя рухі не ведаюць. А вось пра Ефрасінню Полацкую і Усяслава Чарадзея памятаюць".


З гэтага года выпускнікі школ будуць здаваць наступныя іспыты:


Пасля 9 класа матэматыку, рускую і беларускую мовы.


Пасля 11 класа матэматыку, беларускую ці рускую мовы, замежную мову і Гісторыю Беларусі.

Фота: sgpress.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі