Gods Tower выдалі беларускамоўны кавер на Nokturnal Mortum
Гомельскія металісты Gods Tower выдалі новую песню на беларускай мове. "Srebra Pieruna" — кавер-версія песні Perun's Celestial Silver украінскага гурта Nokturnal Mortum.
“Само сабой, мы тое-сеё змянілі ў песні. Тэкст новай версіі стварыў наш калега Алесь Baisan Плотка, — напісана на афіцыйнай старонцы гурта ў Facebook. — Раней песня была пра нешта далёкае, цяпер яна атрымала актуальны сэнс. Мы не сталі змяняць мелодыку Nokturnal Mortum, а выканалі іх песню са сваім гукам. Гэта наш рэспект музыкам і падарунак слухачам! Некаторыя песні могуць жыць долей, чым дваццаць гадоў. "Srebra Pieruna" — такая песня”.
Лідар Gods Tower Лэслі Найф адзначае, што зрабіць кавер на украінцаў з’явілася яшчэ гадоў 12 таму, але рукі дайшлі толькі цяпер. "Srebra Pieruna" — трэці беларускамоўны трэк гурта за ўсю гісторыю. У 2014 годзе выйшла версія іх жа "People in the Swamp" (“Людзі на балоце”), а ў дзевяностых на старабеларускай мове выконвалася "Praise Of Sun". Бліжэйшы выступ гурта пройдзе на фестывалі “Купальскае Кола” пад Мінскам, дзе музыкі абавязкова прэзентуюць і трэк "Srebra Pieruna".
Нагадаем, што на “Купальскім Коле” мусілі сыграць і самі Nokturnal Mortum. Але іх выступ апынуўся пад пагрозай з-за пільных хрысціянскіх актывістаў. Андрэй Кім і Павел Севярынец палічылі, што тэксты гурта распальваюць расавую і рэлігійную варажнечу.