Гомельскі суд не аднавіў маладафронтаўца Цянюту ва ўніверсітэце
Такое рашэнне вынес 1 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў асобе суддзі Вольгі Казловай.
Яна адмовіла ў задавальненні скаргі сустаршыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Андрэя Цянюты. Адказчыкам па справе з'яўляўся Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны.
З ВНУ актывіст быў адлічаны 20 мая 2014 года — нібыта за парушэнне статута: Цянюту арыштавалі напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі. Былы студэнт палічыў адлічэнне незаконным і палітычна матываваным і падаў скаргу ў суд.
Прадстаўнік універсітэта прасіў суд адмовіць у задавальненні скаргі, бо, на яго думку, былі прапушчаныя тэрміны абскарджання, а адлічэнне было законным.
Андрэй Цянюта рашэнне суда назваў чаканым. Па яго словах, якія перадае БелаПАН, калі справа датычыць палітыкі, то суд заўсёды становіцца на бок дзяржавы, а не актывістаў. Цянюта намераны абскарджваць рашэнне суда.
Фота — svaboda.org