Гомельскі ўніверсітэт згодны аднавіць адлічанага маладафронтаўца без суда
Пра гэта сустаршыня "Маладога фронту" (зарэгістраванага ў Чэхіі) Андрэй Цянюта даведаўся 16 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.
Хлопец, якога адлічылі з ВНУ 20 траўня, просіць суд прызнаць загад аб адлічэнні неправамерным і аднавіць яго ў універсітэце. Загадам рэктара студэнта-трэцякурсніка завочнага факультэта спецыяльнасці "Правазнаўства" адлічылі за "сістэматычныя супрацьпраўныя дзеянні". Падставай стала прыцягненне актывіста да адміністрацыйнай адказнасці.
Перад гэтым Цянюту вынеслі папярэджанне за ўскладанне кветак у памяць аб загінулых у Кіеве. А напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі хлопца асудзілі на 10 сутак — нібыта за нецэнзурную лаянку.
16 верасня на судзе начальнік юрыдычнага аддзела ГДУ Валерый Недаступ заявіў, што ўніверсітэт мае недабор і таму Цянюта пае поўнае права аднавіцца на навучанні. Разам з тым адлічэнне юнака ён назваў законным, адзначае БелаПАН.
Адвакат Цянюты заявіў, што пазоў будзе адкліканы, калі хлопец зможа аднавіцца ва ўніверсітэце без суда.
Фота — svaboda.org