Гомельскія міліцыянты штурмам узялі кватэру наркагандляра (відэа)
Гомельскія міліцыянты выклалі ў інтэрнэт відэа таго, як яны штурмам бяруць кватэру наркагандляра.
Гісторыя пачалася ў сакавіку. Тады супрацоўнікі міліцыі ў Гомелі спынілі для праверкі 32-гадовага жыхара аграгарадка Яроміна. Пры ім знайшлі папяровы скрутак з рэчывам. Экспертыза паказала, што гэта было асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва — альфа-PVP агульнай масай 0,0174 грама. Мужчына распавёў, што набыў наркотык у 24-гадовага гамельчука.
Праваахоўнікі праверылі гэтую інфармацыю і пасля чарговага факту продажу наркотыкаў вырашылі затрымаць прадаўца наркотыкаў. Жыў ён у кватэры на вуліцы Барыкіна, размешчанай на першым паверсе шматкватэрнага дома.
Гаспадар адмовіўся адчыніць дзверы ў кватэру. Таму міліцыянты штурмавалі жытло праз акно. Хуткі захоп гаспадара кватэры дазволіў захаваць доказы. Падчас захопу на вагах якраз ляжаў палімерны пакет з наркотыкам альфа-PVP. Вага канфіскаванага наркотыку ў кватэры склала 0,2554 грама.
На гамельчука пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў.