"Гомельтранснафта Дружба" страціла на "бруднай" нафце 23 мільёны долараў
На пастаўках "бруднай" нафты "Гомельтранснафта Дружба" сёлета страціла 23 мільёны долараў. Такую лічбу назваў гендырэктар прадпрыемства Алег Барысенка ў інтэрв'ю сайту "Нефтехимия. Новости".
Нагадаем, што ў красавіку 2019 года з Расіі адбыліся пастаўкі нафты, забруджанай хлорарганічнымі злучэннямі. Ад паставак расійскай нафты часова адмовіліся некалькі краін. У Беларусі абодва нафтаперапрацоўчыя заводы (у Мазыры і Наваполацку) працавалі на зніжанай загрузцы.
"Толькі ў трубаправодах гомельскай "Дружбы" знаходзілася больш за 870 тысяч тон нафты, забруджанай хлорарганічнымі злучэннямі. Выпадак нестандартны — за гады існавання трубаправоднай сістэмы "Дружба" падобнага не было. Роўна як і не было досведу рэагавання ў такога кшталту надзвычайных сітуацыях", — патлумачыў Барысенка.
Па яго словах, на перамовах з расійскім бокам удалося дамовіцца пра павышэнне тарыфаў на транспартаванне нафты праз Беларусь на 3,7%. "Разам з гэтым расійскі бок узяў на сябе абавязацельствы імкнуцца да аб'ёмаў прапампоўвання, якія забяспечаць ААТ "Гомельтранснафта Дружба" выручку ў адпаведнасці з бізнэс-планам на 2019 год. Гэта першы этап. Па выніках працы за год сітуацыя з прапампоўкай нафты па беларускай частцы трубаправода будзе прааналізаваная, пасля чаго мы вызначымся з далейшымі дзеяннямі", — акрэсліў перспектывы гендырэктар.