Горад для жыцця: чым жывуць Асіповічы, у якія збіраецца ПВК “Вагнер”
Спрабуем зафіксаваць цэны ў горадзе да візіту гасцей з Расіі / калаж Улада Рубанава
Асіповічы — раённы цэнтр у Магілёўскай вобласці з насельніцтвам, якое не перавышае 30 тысяч чалавек. Але гэта пакуль. Паводле некалькіх крыніцаў, менавіта там будуюць лагер для наймітаў ПВК “Вагнер”, якіх пасля спробы мяцяжу Яўгена Прыгожына пагадзіўся прытуліць Аляксандр Лукашэнка.
Еўрарадыё спрабуе зафіксаваць узровень жыцця ў горадзе перад тым, як туды завітаюць госці з Расіі. Цалкам магчыма, што пасля гэтага цэны і на тавары, і на паслугі пайдуць угару.
Жыллё
Зняць кватэру ў Асіповічах каштуе ад 100 да 330 рублёў. У горадзе ўсяго чатыры абвесткі з прапановай арандаваць жыллё.
За 330 рублёў у месяц прапануецца 2-пакаёвы “бабушатнік” з адпаведным інтэр’ерам з 1980-х і 1990-х.
Што прапануюць за 100 рублёў у месяц, невядома: у абвестцы папросту няма здымкаў.
А вось зняць пакой у Асіповічах атрымаецца за… не атрымаецца. У горадзе папросту няма такіх абвестак.
Альтэрнатыва — нумар у гатэлі “Асіповічы”. Цэны пачынаюцца ад 24,5 рубля за ноч. У месяц выйдзе даражэй, чым арэнда кватэры, але ў гэтым дзяржаўным “бабушатніку” не трэба будзе самому рабіць прыборку і засцілаць ложак.
Варыянт для больш заможных — набыць уласнае жыллё. На продажы ў Асіповічах ажно 60 аб’яваў.
Самая танная прапанова — 2-пакаёвая частка дома. За 40 “квадратаў”, якім “патрабуецца рамонт”, хочуць усяго $4500.
Самы дарагі варыянт — 2-пакаёвая кватэра ў “сталінцы”. За 64 квадраты “капсулы часу з пачатку нулявых” уласнік хоча ні многа ні мала… 435 тысяч долараў. Альбо “абмен на 2-пакаёвую кватэру ў Мінску з даплатай”.
Ёсць падазрэнне, што ўласнік проста памыліўся на адзін нулік, і сапраўдная цана — 43 тысячы долараў. Для параўнання: другая па дарагавізне кватэра ў горадзе каштуе “ўсяго” 55 тысяч долараў, але гэта і трохпакаёўка, і ў навейшым будынку. Выглядае таксама трошкі лепш (калі вас, вядома, не засмучаюць тыгры на шпалерах).
Прадукты
Вось за колькі можна купіць прадукты ў адной з крамаў горада.
Гародніна і садавіна:
Ранняя бульба — 1,99 (1 кг)
Капуста — 1,79 (1 кг)
Агуркі — 3,46 (1 кг)
Памідоры — 4,06 (1 кг)
Бананы — 3,39 (1 кг)
Яблык — 2.89 (1 кг)
Мяса:
Курынае філе — 10,92 (1 кг)
Фарш для катлет са свініны — 8,04 (1 кг)
Мяса для шашлыку — 11,52 (900 гр)
Малочная прадукцыя:
Малако — 2 (1 л)
Кефір — 1,77 (1 л)
Смятана 20% — 2,60 (380 гр)
Праца
На рынку працы — ажно 60 прапановаў.
Самы высокі заробак па горадзе прапануюць пекару ў краме — ад 1600 рублёў.
Вакансія з самым нізкім заробкам — “вытворца рытуальнай прадукцыі”. За стварэнне вянкоў на могілкі абяцаюць ад 700 рублёў і працэнт ад угодаў. Пасля пераезду “вагнераўцаў” працы ў гэтай галіне мусіць стаць больш — адпаведна, больш і грошай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.