Гродзенцу пагражае 4 гады зняволення за інтымнае фота на закрытым гей-сайце

Гродзенцу пагражае 4 гады зняволення за інтымнае фота на закрытым гей-сайце

47-гадовы гродзенец трапіў пад крымінальную справу за тое, што выклаў на закрыты сайт для знаёмстваў сваё інтымнае сэлфі. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе tut.by.

Гродзенец Алег кажа, што ён гомасэксуал і размясціў свае фатаграфіі на спецыяльным закрытым сайце знаёмстваў. У іх ліку былі і дзве пікантныя карцінкі. Бачыць іх на сайце могуць толькі зарэгістраваныя карыстальнікі. На сайце ёсць папярэджанне пра тое, што там ёсць эратычны кантэнт і ўваход — строга пасля паўналецця.

"Напрыканцы студзеня да мяне дадому прыйшлі праваахоўнікі з ператрусам. Канфіскавалі камп'ютар і тэлефон. Праз два дні мне сказалі, што па факце размяшчэння ў інтэрнэце пікантных фатаграфій пачалі крымінальную справу, і зараз праводзіцца праверка", — распавёў гродзенец. 

Мужчына прайшоў судова-псіхіятрычную экспертызу, за якую заплаціў 580 рублёў. Экспертыза паказала, што ён цалкам адэкватны і разумны. 

Сама справа выклікае ў яго непаразуменне. "Калі б гэта было ў адкрытым доступе, то зразумела, што тут стопрацэнтны распаўсюд порна, але там закрытая пляцоўка. У такім выпадку трэба выстаўляць прэтэнзіі не толькі да мяне, але і да сайта, на якім усё гэта размешчана. Або блакаваць яго ў Беларусі, напрыклад", — разважае Алег.

Яго справа перададзеная ў суд. За выраб і распаўсюд парнаграфіі з дапамогай інтэрнэту яму пагражае ад двух да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі