Гродзенец спытаўся ў чыноўнікаў, як сушыць на гаўбцы белую і чырвоную вопратку
У снежні 2020 года гродзенец Яўген Дудкін стварыў петыцыю, да мясцовых уладаў. Ён прасіў патлумачыць, як правільна сушыць вопратку на гаўбцах і лоджыях.
Нагодай для петыцыі стаў дакумент ад ЖЭУ №3 Першамайскага раёна Мінска: камунальнікі патрабавалі ад жыхара кватэры на вуліцы Кедышкі "прыбраць з гаўбца сцяг бел-чырвона-белай расфарбоўкі ці іншыя прадметы аналагічнай расфарбоўкі". Таксама скандальную вядомасць набыў у інтэрнэце дакумент са спісам адрасоў у Заводскім раёне сталіцы, дзе ў вокнах ці на гаўбцах віселі не толькі сцягі, але і рэчы, ручнікі, палоскі, сэрцайкі "паводле схемы БЧБ".
У сваім Дудкін прасіў патлумачыць, як яму сушыць асабістыя рэчы, якія складаюцца з адзення з бел-чырвона-белай расфарбоўкай у адпаведнасці з заканадаўствам і нормамі права Беларусі. Яго петыцыю падпісалі амаль 2,5 тысячы чалавек.
Адказ з Гродзенскага гарвыканкама Дудкін размясціў у сваім акаўнце ў Instagram.
"Гарвыканкамам не рэгламентуюцца пытанні вядзення хатняй гаспадаркі асобных грамадзян", — адказалі яму чыноўнікі.
Гродзенец звярнуў увагу на тое, што прамога адказу наконт колеравай гамы рэчаў у адказе чыноўнікаў няма. "Зыходзячы з адказу на пытанне, можна зрабіць выснову: улады адказваюць нейтральна, каб потым зняць з сябе адказнасць", — пракаментаваў ён афіцыйны ліст.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.