Грузінскі парламент прагаласаваў супраць закона аб замежных агентах
Пратэстоўцы каля грузінскага парламента / ria.ru
Дэпутаты грузінскага парламента прагаласавалі супраць прыняцця законапраекта аб замежных агентах, піша "Каўказскі вузел". Такім чынам, законапраект "Аб празрыстасці замежнага ўплыву" быў адхілены ў другім чытанні.
Спікер парламента Шалва Папуашвілі паведаміў, што супраць законапраекта прагаласавалі 35 чалавек, за — адзін.
Як пісаў "Каўказскі вузел", 9 сакавіка партыя "Грузінская мара" вырашыла вынесці на пленарнае пасяджэнне парламента законапраект аб замежных агентах, каб прагаласаваць супраць яго, так як працэдура адклікання да яго недастасоўная. Парламент Грузіі папрасіў Венецыянскую камісію, куды быў адпраўлены законапраект, не разглядаць яго.
Другі законапраект, "Аб рэгістрацыі замежных агентаў", ініцыятары адклікалі з парламента Грузіі.
Першы закон аб замежных агентах парламент Грузіі ўхваліў 7 сакавіка ў першым чытанні. Гэта выклікала масавыя акцыі пратэсту ў Тбілісі ды іншых гарадах краіны. Не абышлося без сутычак з паліцыяй. Супраць пратэстоўцаў былі выкарыстаныя вадамёты і слезацечны газ.
Аднак ужо зранку 9 сакавіка, як распавядала Еўрарадыё, законапраект аб замежных агентах быў адкліканы з парламента.
У Тбілісі былі затрыманыя 133 удзельнікі мітынгаў. 9 сакавіка ўдзельнікі чарговага мітынгу запатрабавалі вызваліць усіх затрыманых. У той жа дзень паліцыя паведаміла, што вызваленыя 132 чалавекі, пад вартай застаўся толькі абвінавачаны ў нападзе на сілавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.