The Guardian: Беларусь парушыла добразычлівасць цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды
У ноч на 8 верасня ў Рыа-дэ-Жанейра адбылася цырымонія адкрыцця Паралімпійскіх гульняў. Скандал з расійскім сцягам, які разгарнуў удзельнік беларускай дэлегацыі Андрэй Фомачкін, выклікаў вялікі рэзананс у еўрапейскіх СМІ.
Брытанскае выданне The Guardian так апісвае гэту сітуацыю:
“Добразычлівасць на шоу падчас цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды была парушаная, калі зборная Беларусі выступіла з пратэстам супраць рашэння Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) аб забароне выступу расійскай зборнай.
Сэр Філіп Кравен, старшыня МПК, раней рашуча выступаў за поўнае выключэнне зборнай Расіі з Паралімпіяды, грунтуючыся на доказах таго, што дзяржава падтрымлівала махлярства з допінгам на карысць сваіх спартсменаў. Тым не менш Беларусь кідае выклік МПК і, рызыкуючы атрымаць санкцыі, праносіць расійскі сцяг на стадыён Маракана”.
Нямецкае выданне Heute называе цырымонію адкрыцця палітызаванай:
“Цырымонія адкрыцця Паралімпіяды была ўражвальнай, маляўнічай і… палітызаванай. На ёй асвісталі новага бразільскага прэзідэнта Мішэла Тэмера. Беларуская зборная пранесла расійскі сцяг на знак пратэсту супраць выключэння суседзяў з Паралімпіяды. А ў VIP-ложы адсутнічаў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах”.
Польскае радыё згадвае, што беларуская зборная мела намер пранесці расійскі сцяг даўно:
“Раней кіраўнік Беларускага паралімпійскага камітэта Алег Шэпель назваў адхіленне расійскай зборнай ад спаборніцтваў у Рыа самым няправільным крокам за ўсю гісторыю паралімпійскага руху. Ён паабяцаў, што дэлегацыя Беларусі акрамя нацыянальнага сцяга мае намер несці і расійскі. Тады Міжнародны паралімпійскі камітэт прыгразіў атлетам, якія збіраліся пранесці сцяг Расіі, “пэўнымі мерамі”. У адказ Шэпель паправіўся, што беларуская зборная будзе несці толькі сцяг сваёй краіны, а расійскі трыкалор паабяцаў узяць з сабой на трыбуну”.
Нямецкае выданне Deutsche Welle пералічвае санкцыі, якія могуць чакаць нашу зборную:
“Арганізатары канфіскавалі сцяг ва ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця. Камандзе Беларусі за гэты ўчынак можа пагражаць штраф, аднак Міжнародны паралімпійскі камітэт заявіў, што спачатку плануе ідэнтыфікаваць канкрэтнага “парушальніка”.
Бі-бі-сі нагадвае, што МПК ужо выносіў папярэджанні беларускаму боку з гэтай нагоды:
“Міжнародны паралімпійскі камітэт наўпрост забараніў беларусам несці расійскі сцяг, заявіўшы, што такія паводзіны будуць расцэненыя як палітычны жэст”.