ГУР Украіны паведамляе пра знішчэнне двух расійскіх катараў

Катар тыпу "Тунец", ілюстрацыйнае фота

Катар тыпу "Тунец", ілюстрацыйнае фота / buran-force.ru

Украінская выведка ўначы 30 траўня пашкодзіла ў акупаваным Крыме два катары тыпу КС-701 "Тунец". Гэтыя катары расіяне выкарыстоўвалі для аховы Крымскага моста, паведамляе Hromadske са спасылкай на крыніцу ў спецслужбах. У ГУР Украіны пазней удакладнілі, што катары былі пашкоджаныя з дапамогай украінскіх ударных марскіх дронаў Magura V5. 

Для абясшкоджвання ўкраінскіх марскіх дронаў расіяне ўздымалі ў неба баявую авіяцыю, выкарыстоўвалі стралковую зброю і гарматы. Hromadske адзначае, што летась украінскія вайскоўцы ўжо знішчылі прынамсі 2 такія катары.

Рух аўтамабіляў па Крымскім мосце мінулай ноччу часова прыпыняўся. Жыхары Керчы паведамлялі пра выбухі. Расійскае Мінабароны паведамляла, што над акваторыяй Азоўскага мора ў ноч на чацвер былі знішчаныя 8 ракет ATACMS, над акваторыяй Чорнага мора перахопленыя 8 беспілотнікаў. У расійскім вайсковым ведамстве таксама казалі пра знішчэнне ў Чорным моры двух безэкіпажных катараў, "якія рухаліся ў кірунку Крымскага паўвострава". У самой Керчы, са слоў мясцовых уладаў, "падчас адбіцця варожай атакі па аб'ектах транспартнай інфраструктуры горада Керч ад абломкаў збітых ракет пацярпелі два паромы — аўтамабільны і чыгуначны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі