Гурт Biplan абвесціў конкурс для слухачоў курсаў “Мова нанова” (відэа)
Літоўскі “Поп-гурт 2013”года прапанаваў студэнтам заспяваць іх хіт Amore па-беларуску.
Музыкі прапанавалі зрабіць гэта праз адмысловы відэазварот. Прыз пераможцам — запрашальнікі на канцэрт Biplan 2 сакавіка ў мінскім клубе Tarantino.
Умовы конкурсу вельмі простыя. Трэба заспяваць па-беларуску суперхіт літоўцаў Amore, зняць гэта на відэа і даслаць на пошту курсаў “Мова нанова” [email protected]. Тэкст і аўдыё песні можна знайсці на сайце курсаў.
Па словах арганізатара курсаў “Мова нанова” Глеба Лабадзенкі, адбіраць пераможцаў будуць уласна музыкі гурта. Конкурс абвешчаны не толькі для студэнтаў курсаў у “Галерэі Ў”, але і для ўсіх наведнікаў сайта www.movananova.by. Гэта значыць, што ў конкурсе можа прымаць удзел кожны слухач і чытач Еўрарадыё.
Як паведамілі музыкі ў звароце, якасць запісу тут не самае важнае — можна зняць сваё выкананне і на тэлефон. Запісы прымаюцца на конкурс да 23.59 23 лютага.