Гурт “Дай Дарогу!” адсвяткуе 10-годдзе “20-ти сантиметров”
Берасцейскія панкі адзначаць юбілей легендарнага альбома.
Пасля таго, як лідар “Дай Дарогу!” падзяліўся з Еўрарадыё сваімі планамі на новы канцэртны сезон , з намі звязаўся дырэктар гурта з мэтай удакладніць інфармацыю.
“Можа, для Юры гэта адпачынак і расслабуха, а ў нас тут кіпіць усё поўным ходам! —смяецца Яўген Крук. — Акрамя шчыльнага канцэртнага графіка, мы плануем адсвяткаваць юбілей альбома “20 сантиметров”. Для нас гэта вельмі знакавая падзея, таму што ён стаў пераломным у творчасці каманды. Пасля “Дваццаткі” пачалася ўся весялуха, і мы “стрэлілі” не толькі на лакальным узроўні, а ўжо на ўзроўні Беларусі. Адбылася прэзентацыя альбома берасцейскага гурта ў клубе “Рэактар” — неверагодна на той час!”
Пакуль жа Яўген Крук разважае пра планы на будучыню і марыць пра 20-ты юбілей альбома “20 сантиметров”: “Тады зробім мега-тур, мега-канцэрт, нават тур па Беларусі зробім!” Пакуль жа музыкі рыхтуюцца да вялікага святочнага канцэрта ў родным горадзе, які пройдзе напрыканцы лістапада.
Яўген прымаецца падлічваць бліжэйшыя канцэрты — іх набіраецца больш за дзясятак! У “ДД!” звыкла распісаная ўся восень — гурт будзе “гасіць панк-рок” у шэрагу расійскіх гарадоў, а да таго ж адыграе 2 канцэрты ў Мінску. Музыкі запрашаюць адсвяткаваць разам Дзень нараджэння клуба "Рэпаблік" ды на сумесны канцэрт з гуртом “План Ломоносова” . Да таго ж, гурт заканчвае працу над новым альбомам, які плануе прэзентаваць у 2015 годзе. Сачыце за нашымі навінамі!