Хлопчык Стас, які страціў руку з-за гіпсу, атрымлівае 1,1 мільёна пенсіі
А ўрач, якога вінавацяць у трагедыі, працягвае працаваць у бальніцы, бо замяніць яго няма кім.
Больш за паўгода прайшло з таго часу, як стала вядома пра крымінальную справу, распачатую з-за ампутаванай ў дзіцёнка рукі. Да бяды давёў недагляд з боку ўрачоў.
“Расследаванне працягваецца. Як толькі нейкае працэсуальнае рашэнне будзе прынята, мы паведамім пра гэта”, — расказвае апошнюю актуальную інфармацыю Іна Гарбачова, афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Віцебску.
Шасцікласнік стас 5 дзён скардзіўся на тугі гіпс, пакуль руку не ампутавалі
Нагадаем, што трагедыя здарылася ў Дубровенскім раёне. 11-гадовы Стас Мушатэнка зламаў руку ў дзіцячым летніку. Гіпс, які аказаўся занадта тугім, наклалі ў Оршы. І адразу ж адправілі траўмаванага хлопчыка дадому ў аграгарадок Якубава. Справа была перад выхаднымі. Рука балела так моцна, што бацькі выклікалі Стасу “хуткую”. Медыкі прыехалі, але ад бацькоў адмахнуліся, маўляў, гэта пералом і так павінна быць. Пасля выхадных у панядзелак хлопчыка, рука якога пасінела, павезлі ў Дубровенскую райбальніцу. І там здымаць гіпс не сталі. Тое ж самае паўтарылася ў аўторак. А ў сераду за жыццё хлопчыка ўжо змагаліся ў Віцебскай абласной бальніцы. Добра, што ўратавалі. Але руку з-за гангрэны давялося ампутаваць.
Мама Стаса дагэтуль не ведае, калі будзе суд. Святлана Міхайлаўна з гутарак са следчым зразумела, што зробленыя экспертызы сведчаць пра халатнасць з боку ўрачоў. А канкрэтна — хірурга з дубровенскай райбальніцы і медыкаў з Оршы, якія насуперак інструкцыям адправілі Стаса дадому. Але якая будзе канчатковая рэзалюцыя следчага, не ведае ніхто.
“Стас адчувае сябе нармальна. Пратэз зрабілі. Але яму споўнілася 12 год, трэба ехаць па новы пратэз”, — уздыхае Святлана Міхайлаўна.
Пенсія па інваліднасці, якую выплачваюць Стасу, складае 1 мільён 140 тысяч рублёў на месяц. Больш ніякай дапамогі ад дзяржавы сям’я не атрымлівае.
Раней Еўрарадыё пагутарыла з тым самым хірургам Юрыем К. з дубровенскай бальніцы. Медык прызнаваў сваю вінаватасць у тым, што, на яго думку, пераблытаў сіндром здушэння са звычайным ацёкам і гэта магло давесці да гібелі хлопчыка. Але ўрач цвёрда перакананы, што рука Стаса загінула ўжо на наступны дзень пасля накладання тугога гіпсу. Юрый К. быў у следчага чатыры разы і пакуль не ведае, як вырашыцца яго лёс. Лічыць, што яго могуць як апраўдаць, так і абвінаваціць. Тым часам ён працягвае працаваць на пасадзе хірурга у той жа бальніцы.
“Я ўвогуле адзін застаўся. Другі хірург у нас памёр. Замяніць мяне асабліва няма каму. І на паўстаўкі ў якасці траўматолага дапамагае галоўурач”, — апавядае Юрый К.
Пры гэтым медык адзначае, што лячэнне траўм, з якімі ён сёння найчасцей сутыкаецца, гэта не яго канёк. Юрый К. усё жыццё займаўся хірургіяй жыватоў — апендыцытамі і іншымі захворваннямі такога кшталту.
Калі летась у снежні Аляксандр Лукашэнка даведаўся пра гісторыю Стаса Мушатэнкі, то падчас сустрэчы з Міністрам аховы здароўя Васілём Жарко прапанаваў таму не толькі хваліцца поспехамі, але і звярнуць увагу на бесталковасць некаторых падначаленых. Жарко пакорліва ківаў галавой і старанна нешта занатоўваў.
У аўторак, 16 чэрвеня, на сайце “БелТА” міністр удзельнічаў у анлайн-канферэнцыі, але адказу на пытанне журналіста Еўрарадыё аб гісторыі Стаса Мушатэнкі так і не прагучала.