Хлопцы на скрадзеным ЗІЛе пашкодзілі тры машыны і знеслі ганак банка (фота)
У чацвер у Гродне ў мікрараёне Фолюш двое маладых людзей скралі ЗІЛ-130, які кіроўца пакінуў каля мясцовага ЖЭСа (ён прыехаў для разгрузкі газавага балона). Адзін са зламыснікаў, якому 20 гадоў, раней быў асуджаны за ўгон. Матор ён завёў без завадскога ключа.
Як інфармуе AutoGrodno.by, спачатку грузавік знёс некалькі метраў плоту прыватнага дома, пасля закрануў VW Passat, сцяну крамы, знёс ганак банка. ЗІЛ выязджаў і на пешаходную дарожку. На шчасце, людзі не пацярпелі. Пасля таго, як грузавік сутыкнуўся з Renault і Peugeot, зламыснікі пакінулі машыну і паспрабавалі ўцячы. За імі пабеглі міліцыянеры. Адзін з хлопцаў скокнуў на дах гаража і праваліўся ў памяшканне, дзе яго і затрымалі. Сведкі кажуць, што ён мог быць п'яны ці знаходзіцца пад наркатычным уздзеяннем. Другога зламысніка шукаюць.
Фота: AutoGrodno.by