Хросны ход супраць "садомскай ідэалогіі" ў Магілёве не адбудзецца
Хросны ход у Магілёве супраць "садомскай ідэалогіі" не адбудзецца: мерапрыемства не атрымала блаславення. Пра гэта тэлеканалу "Белсат" распавёў прадстаўнік Цэнтра абароны дзяцей і мацярынства пры Магілёўскай епархіі айцец Уладзімір.
Як паведамляла Еўрарадыё, хросны ход ў абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў меўся адбыцца 16 сакавіка. Яго правядзенне анасавала газета "Вечерний Могилёв".
У прэс-службе Магілёўскай епархіі "Белсату" не пацвердзілі планы правядзення хроснага ходу. А прадстаўнік Цэнтра абароны дзяцей і мацярынства айцец Уладзімір заявіў: "Ніхто блаславення на правядзенне ходу не даваў". Па словах святара, журналісты паспяшаліся з анонсам. Таксама ён назваў крэатывам магілёўскіх журналістаў словы пра "садомскую ідэалогію".