Хто лічыцца дармаедам, а хто — не (дапоўнена)
Дэкрэт прэзідэнта ў пытаннях і адказах.
2 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ("дэкрэт аб дармаедах"). Дакумент закліканы стымуляваць удзел працаздольных беларусаў у працоўнай дзейнасці, у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.
Калі пачынае дзейнічаць дэкрэт
Адлік працоўнай ці беспрацоўнай дзейнасці згодна з Дэкрэтам пачынаецца з 1 студзеня 2015 года. Гэта азначае, што калі з новага года вы нідзе не працавалі, то засталося ўсяго 3 месяцы, каб уладкавацца. Падатковы збор з дармаедаў — 20 базавых велічынь (на сёння 3 мільёны 600 тысяч рублёў).
Хто лічыцца дармаедам і павінен выплаціць падатак
Усе грамадзяне Беларусі і асобы з відам на жыхарства ў нашай краіне працаздольнага ўзросту (18-55 гадоў для жанчын, 18-60 для мужчын), хто не працаваў паўгода і 1 дзень — дармаеды. У іх лік трапляюць:
- Беспрацоўныя, якія маюць неафіцыйны даход і не плацяць падатак;
- Хатнія гаспадыні (калі яны не мнагадзетныя маці, або не выхоўваюць дзіця да 7 гадоў або дзіця-інваліда да 18 гадоў);
- Студэнты-завочнікі, калі яны нідзе не працуюць;
- Іпэшнікі і рамеснікі, якія не вядуць ніякую дзейнасць і не плацяць падатак. Або працавалі, але заплацілі падатак меншы за 20 базавых велічыняў. У гэтым выпадку яны павінны будуць даплаціць, каб выніковая сума складала 20 базавых.
- Дачнікі, якія нідзе не працуюць, а жывуць з ураджаю.
Сем легальных спосабаў пазбегнуць падатку за дармаедства
Хто не лічыцца дармаедам і не павінен плаціць падатак?
Усе, хто афіцыйна працаваў цягам года больш за 183 дні, займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю і плаціць падаткі больш чым 20 базавых за год. А таксама:
- Падлеткі, якім яшчэ няма 18 гадоў. Калі 18 стукнула сёлета, то можаце не працаваць да канца года.
- Пенсіянеры. У тым ліку тыя, хто дасягнуў пенсійнага ўзросту ў гэтым годзе.
- Студэнты дзённай формы навучання.
- Беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці (але ў такім статусе можна быць не больш за 3 месяцы).
- Уладальнікі аграсядзібаў. Той, хто афіцыйна займаецца аграэкатурызмам (гэта павінен пацвердзіць мясцовы выканкам) і плаціць падаткі — не дармаед.
- Жыхары вёскі і іншых населеных пунктаў, якія маюць надзел і займаюцца сельскай гаспадаркай. Гэты факт павінен пацвердзіць сельсавет.
- Жанчыны або мужчыны якія расцяць дзяцей да 7 гадоў ці дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў.
- Фрылансеры і творчыя асобы, якія зарабілі за год мінімум 70 базавых (12,6 мільёна). Пры гэтым не важна, колькі дзён яны працавалі. Калі такую суму яны зарабілі хоць за 1 гадзіну — дармаедамі яны ўжо не лічацца.
- Мастакі, музыканты, пісьменнікі, скульптары, дызайнеры і інш. Але яны абавязкова павінны быць сябрамі адпаведных творчых саюзаў.
- Манахі, святары і члены манастырскай грамады
- Уладальнікі кватэр, якія афіцыйна здаюць сваё жыллё і плацяць з гэтага падатак.
- Адвакаты і натарыюсы
- Хворыя, непрацаздольныя, якія знаходзяцца на бальнічным
- Асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў турме, ЛПП ці калоніі больш за 183 дні.
- Інваліды, незалежна ад групы або тыя, з каго сёлета інваліднасць знялі.
- Недзеяздольныя.
- Людзі, якія атрымліваюць выплаты па страце кармільца.
- Вайскоўцы а таксама рэзервісты і ваеннаабавязаныя падчас збораў
- Падарожнікі і гастарбайтэры з Беларусі, якія знаходзіліся ў краіне сумарна менш 183 каляндарныя дні, — не дармаеды.
- Сезонныя рабочыя, хто адпрацаваў на працягу поўнага сезона на сезонных працах (спіс такіх прац вызначаны Саветам міністраў). Напрыклад, сельскагаспадарчыя работы ў перыяд збору ўраджаю.
Якія перыяды дзейнасці сумуюцца і ўплываюць на тое, каб вас не прылічылі да дармаедаў?
Калі вы 1 месяц выхоўвалі дзіця ва ўзросце да 7 гадоў, 1 месяц працавалі па дамове, 1 месяц былі на вайсковых зборах, 1 месяц вялі адвакацкую дзейнасць, 1 месяц адсядзелі ў турме, пасля гэтага 1 месяц былі часова недзеяздольныя — і ў суме гэта больш за 183 дні, то дармаедам вы ўжо не лічыцеся.
Хто будзе лавіць дармаедаў
Паводле Дэкрэта, шукаць, адсочваць і збіраць грошы з дармаедаў будуць падатковыя органы. Падатковая будзе правяраць расходы і даходы грамадзян і шукаць лайдакоў. Дарэчы, калі ў падатковай прызнацца, што ты дармаед да 1 ліпеня 2016 года, зробяць зніжку на падатак у 10%.
Што рабіць, калі вам прыйшло паведамленне аб тым, што вы дармаед
У вас ёсць 30 дзён, каб даказаць, што вы не дармаед. Потым падатковая яшчэ 30 дзён будзе правяраць вашы дакументы. На гэты перыяд падатковая прыпыняе спагнанне збору. А далей прымае рашэнне ўзяць з вас збор, паменшыць яго ці не браць нічога наогул.
Калі трэба плаціць падатак
Да 15 лістапада наступнага года (напрыклад, за 2015 года трэба будзе заплаціць падатак да 15 лістапада 2016-га)
Як могуць пакараць дармаеда
За нявыплату збору ці няпоўную выплату будуць штрафаваць — ад 2 да 4 базавых велічынь (ад 360 тысяч да 720 тысяч рублёў). Прадугледжаны і адміністратыўны арышт. У гэтым выпадку вас абавязкова накіруюць на грамадска-карысныя працы. І плаціць падатак вам не давядзецца.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў "дэкрэт аб дармаедах"
Стала вядома, каму перададуць спісы беларускіх "дармаедаў"
Лукашэнка: 400 тысяч мусяць быць уцягнутыя ў працу імем рэвалюцыі
Фота: grodno.in