Хто з беларускіх удзельнікаў “Еўрабачання” самы папулярны на Youtube

“Пакуль Алёна Ланская рупліва рыхтуецца да конкурсу “Еўрабачанне” ― яе кліп на песню “Solayoh” на сайте youtube назбіраў больш за два мільёны праглядаў. І гэта не ўлічваючы дубліраваныя запісы”, ― літаральна агаломшвае інфармацыяй журналіст “Беларусь 1Яўген Перлін.


Столькі праглядаў за месяц ― небывалы поспех для беларускага выканаўцы! Нават кліпы “Ляпісаў” глядзяць менш.


Што праўда, Еўрарадыё не змагло знайсці на youtube тых самых двух мільёнаў гледачоў Ланской. На якой бы мове ні ўводзілася ў пошукавік яе імя ды назва песні, але да 2 мільёнаў моцна не дацягвае нават сумарны прагляд усіх “дублюючых запісаў” ды ўсіх відэа, дзе Алёну нават ускосна ўзгадваюць. На афіцыйным youtube-канале “Еўрабачання” ― 77 769 праглядаў, на канале БТ ― 66 611.


Тут і далей усе лічбы — на дзень 2 траўня 2013 года.


Еўрарадыё” вырашыла параўнаць “поспех” сёлетняй прадстаўніцы Беларусі на “Еўрабачанні” з прадстаўнікамі іншых гадоў.


Найменшая колькасць праглядаў у Пятра Ялфімава (2009 год). Яго відэа “Eyes That Never Lie” мае на youtube 6 357 праглядаў. Спявак бярэ “жывымі” нумарамі: адно з афіцыйных відэа з выступу Пятра ў паўфінале назбірала амаль 10 тысяч праглядаў, а неафіцыйнае ― больш за 16 тысяч. А лайф-відэа-прэв’ю (з нацыянальнага адбору) зацікавіла больш за 200 тысяч аматараў міжнароднага конкурсу.


Амаль 11 тысяч чалавек праглядзелі відэа на песню “МамаПаліны Смолавай (2006 год). Відэа размешчанае не на афіцыйным канале конкурсу, а на нейкім прыватным, з подпісам “Маладая Брытні ніколі не памрэ, пакуль такія песні трапляюць на “Еўрабачанне”.


Блізка да Смолавай і першыя прадстаўнікі Беларусі на “Еўрабачанні" Аляксандра і Канстанцін”. Іх кліп на “My Galileo” праглядзела 11 231, жывы паўфінальны выступ дуэта ― на 4 тысячы больш.


У канкурсанта 2008 года Руслана Аляхно і песні “Hasta La Vista” толькі 34 151 прагляд. У яго таксама шмат відэаварыяцый “на тэму”, але з невялікай колькасцю праглядаў, нават запісы паўфінальных выступаў зацікавілі толькі 22 тысяч карыстальнікаў.


Гучны скандал у фінале нацыянальнага адбору дапамог мінулагоднім удзельнікам “Еўрабачання” ад Беларусі — гурту Litesound — раскруціць… відэа з “Еўрафэста”! Больш за 450 тысяч праглядаў! А вось афіцыйны кліп на “We Are the Heroes” ― усяго 85 195 праглядаў, а сам выступ гурта на конкурсе — 130 тысяч.


Не дацягнула да ста тысяч праглядаў і Анжаліка Агурбаш — 87 043. Песня “Love Me Tonight” выкладзеная ў безлічы розных варыянтаў, дзе праглядаў ад некалькі соцень да некалькіх дзесяткаў тысяч. Яе выступ на паўфінале праглядзела каля 54 тысяч карыстальнікаў. Але ў 2005 годзе youtube яшчэ не меў той папулярнасці, не было свайго канала ў “Еўрабачання” і відэа выкладаліся не адразу пасля з’яўлення, а праз гады.


Дзіўна, але ў самага паспяховага прадстаўніка краіны на міжнародным песенным конкурсе Дзмітрыя Калдуна толькі 245 081 прагляд, прычым гэта рускамоўны варыянт “Work Your Magic” (“Дай мне силу”). Сам жа выступ і англамоўны варыянт кліпу папулярныя яшчэ менш ― да 100 тысяч праглядаў.


І вось, youtube-лідары! Кліп “I Love Belarus” паўфіналісткі 2011 года Анастасіі Віннікавай праглядзела 371 225 чалавек! Выступ назбіраў менш за 100 тысяч праглядаў.


Кліп на “Butterflies” фіналістаў 2010 года — гурта "3+2" — бачылі 722 602 карыстальнікі! Запіс іх “жывака” на паўфінале зацікавіў больш за 200 тысяч аматараў конкурса. А вось праглядаў фіналу з іх удзелам непараўнальна менш.


Атрымліваецца Алёна Ланская з 2 мільёнамі праглядаў кліпа “Solayoh” — у лідарах! Была б. Каб сапраўды былі гэтыя 2 мільёна.


Сёлета "Еўрабачанне" праводзіцца ў 58 раз. Конкурс пройдзе ў Мальмё: на 14 і 16 траўня запланаваныя паўфіналы, фінал пройдзе 18 траўня.


Алёна Ланская з песняй "Solayoh" выступіць у першым паўфінале. Прадстаўніца Беларусі выйдзе на сцэну 11-й з 16 артыстаў.


Фота: news.vitebsk.cc
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі