Хто з сусветных лідараў наведваў Беларусь і навошта (фота)
У сераду, 11 лютага, у Мінск прыедуць канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Еўрарадыё ўзгадвае, хто быў у нас да іх.
Рэпутацыя “апошняй дыктатуры Еўропы” не спрыяе частым візітам у Мінск сусветных лідараў. Тым не менш, заўважныя ў планетарным маштабе палітыкі ў Беларусь хоць і рэдка, але прыязджаюць. Згадваем некаторых з іх.
Хто: Прэзідэнт РСФСР Барыс Ельцын
Калі: 8 снежня 1991 года
Навошта: Каб спыніць існаванне СССР
Першы раз у якасці сусветна вядомага палітыка Барыс Ельцын наведаў нашу краіну напрыканцы 1991 года. 8 снежня ў Віскулях ён паставіў свой подпіс пад дакументам, які спыніў існаванне СССР. Па ўсім відаць, Ельцын тады няслаба здзівіў сваіх калег з БССР і УССР. “Нават збіраючыся ў Белавежскай Пушчы на маё запрашэнне, мы першапачаткова не мелі намеру прымаць рашэнне аб выхадзе з СССР. Такіх нарыхтовак не было ні ў мяне і нашай дэлегацыі, ні, думаю, і ў іншых таксама… Тэма спачатку была названая так: сабрацца і прыняць нейкую дэкларацыю або заяву, што Нова-агароўскі працэс зайшоў у тупік і што нам трэба шукаць нейкія новыя падыходы, рашэнні... Мы пачалі рыхтаваць дакумент. І пераканаліся, што проста дэкларацыяй, як першапачаткова меркавалася, не абысціся”, — расказваў ппазней Станіслаў Шушкевіч.
Хто: Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан
Калі: 15 студзеня 1994 года
Навошта: Усталяваць лавачку ў Курапатах
Клінтан у Мінск прыляцеў у адказ на візіт Станіслава Шушкевіча ў Вашынгтон, які адбыўся ў ліпені 1993-га. За 6 гадзін, праведзеных у Беларусі, амерыканскі прэзідэнт падпісаў дамову аб узаемнай абароне інвестыцый, усклаў вянок да манумента Перамогі, пагутарыў з моладдзю ў Акадэміі навук і ўсталяваў мемарыяльную лаву ў Курапатах.
У сваіх успамінах былы старшыня Вярхоўнага савета Шушкевіч узгадвае, што КДБ вельмі працівілася ўсталяванню ў Курапатах амерыканскай лаўкі: “КДБ змяніла тактыку. Наступны ліст быў пра тое, што Клінтану нельга ехаць у Курапаты. Маўляў, па дарозе могуць быць снайперы, і наогул, у іх няма вопыту правядзення аперацый у лесе, ды і ў студзені цямнее рана. Таму КДБ раіў наведаць Курган Славы. Я зноў звязаўся з паслом (паслом ЗША. — Еўрарадыё), той адказаў, што і бяспеку ў Курапатах змогуць забяспечыць самі (амерыканцы. — Еўрарадыё)”.
Хто: Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін
Калі: 23 траўня 2000 года
Навошта: Удзел у паседжанні Міждзяржаўнага Савета краін — удзельніц Мытнага саюза і паседжанні Савета калектыўнай бяспекі.
Цікава, што Беларусь не была першай краінай, куды Уладзімір Пуцін прыехаў пасля таго, як афіцыйна стаў прэзідэнтам РФ. Перад Мінскам ён ужо наведваў Узбекістан і Туркменістан. Агулам у якасці кіраўніка краіны Уладзімір Пуцін быў у Беларусі 9 разоў. Больш — толькі ва Украіне (15) і Нямеччыне (11). Таксама дзевяць разоў Пуцін афіцыйна наведваў Казахстан.
Хто: Братэрскі правадыр і Кіраўнік рэвалюцыі Лівіі Муамар Кадафі
Калі: 2 лістапада 2008 года
Навошта: Пераначаваў у намёце ля Заслаўскага вадасховішча
"Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў Мінску, гэтую сустрэчу мы даўно чакалі… Мы адсочваем тое, што адбываецца ў вас у краіне, і шануем вашу прынцыповую пазіцыю, стойкасць. Мы заўважылі значны прарыў, тое, якіх вялікіх поспехаў у сваім развіцці дасягнула за гэты час Беларусь", — сказаў Муамар Кадафі Лукашэнку, калі той сустракаў яго ў аэрапорце.
Свой паходны намёт Муамар Кадафі, які ў Мінск прыляцеў з Масквы, усталяваў на тэрыторыі прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Заслаўі. Праз дзень Кадафі накіраваўся ва Украіну.
Хто: Прэм'ер-міністр Італіі Сільвіё Берлусконі
Калі: 30 лістапада 2009
Навошта: Набыў дарагую керамічную вазу ў краме “Крышталь” ля плошчы Перамогі
“Я таксама ведаю, цяпер у вашай краіне актыўна будуецца новае жыллё. Мы можам быць карысныя. У нас ёсць ноу-хау, якія дазваляюць у кароткія тэрміны будаваць жыллё з даволі высокім узроўнем якасці. А будуецца такі дом ўсяго за 5-8 месяцаў”, — паведаміў Берлусконі на адной з сустрэч падчас візіту ў Мінск.
У Беларусі італьянскі лідар прабыў два дні, усклаў вянок на плошчы Перамогі і набыў керамічную вазу ў краме непадалёк. “Вельмі цікавы і прыгожы мужчына”, — расказвалі потым прадавачкі журналістам.