Хутчэй за ўсё, вясной нас чакае трэцяя хваля каранавіруса — Румо
Алег Румо / sb.by
Не выключана, што вясной здарыцца трэцяя хваля каранавіруса, заявіў дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо.
"Інфекцыя будзе развівацца па класічных прынцыпах сучаснай эпідэміялогіі, таму, хутчэй за ўсё, вясной нас чакае трэцяя хваля", — сказаў ён у інтэрв'ю выданню "СБ. Беларусь сегодня".
Патрэбна прышчэпка, і Румо спадзяецца, што ўжо ў наступным годзе беларусы змогуць "прышчэплівацца не толькі ад грыпу, але і ад каранавіруса".
"А пакуль кожнаму застаецца выконваць рэкамендацыі лекараў і берагчы сябе", — дадаў ён. Другая хваля, прызнаў медык, аказалася больш напружанай, чым першая. У рэанімацыі МНПЦ зараз заняты 11 ложкаў з 12.
"Кантынгент — маладыя людзі да 50 гадоў, цяжарныя, медыкі і жанчыны, якія толькі сталі мамамі", — сказаў Румо.
У першую хвалю, паводле яго слоў, лятальнасць была каля 25 адсоткаў, "гэта значыць з чатырох самых цяжкіх пацыентаў трох ўдавалася паставіць на ногі".
На цяжар захворвання ўплываюць два фактары: колькасць віруса, які патрапіў у арганізм, і рэакцыя арганізма. Прычым спрагназаваць гэтую рэакцыю немагчыма. "Людзі без спадарожных захворванняў раптоўна згараюць, і мы часам нічога не можам з гэтым зрабіць", распавёў Румо.
У Беларусі яшчэ не было ніводной перасадкі лёгкіх у людзей, якія цяжка перанеслі каранавірус. Але ўжо ёсць пацыенты з цяжкім фіброзам, якія могуць апынуцца ў лісце чакання на перасадку.
Румо таксама паскардзіўся на адсутнасць зараз грамадскай падтрымкі, якую медыкі адчулі вясной, але не знайшоў, што адказаць на пытанне, з чым гэта можа быць звязана.
З пачатку пандэміі ў Беларусі выяўлены 118 тысяч 8 чалавек з станоўчым тэстам на COVID-19. Апошнімі днямі ў Беларусі фіксуецца штосутачнай прырост інфікаваных на ўзроўні 1250-1300 чалавек. Гэта больш, чым было вясной.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.