"Праз чашу святую не перадаецца": COVID-19 у Свята-Елісавецінскім манастыры
Звон у Свята-Елісавецінскім манастыры / Еўрарадыё
"Айцец Андрэй ужо з'ехаў дадому. А айцец Васіль у бальніцы. Захварэў ён. У яго, па-мойму, каранавірус... Гэта матушка сказала. А ў сясцёр прастуда, ВРВІ", — расказвае журналісту Еўрарадыё манашка Свята-Елісавецінскага манастыра. Каранавірус дабраўся і да гэтага цэнтра праваслаўя. Некалькі дзён таму на велікодную службу тут сабраліся сотні вернікаў. Цяпер — развешваюцца аб'явы пра каранцінны рэжым, а сясцёр заклікаюць "без беспадстаўнага геройства" выконваць меры засцярогі.
У царкоўнай краме нам рэкамендуюць пагутарыць з айцом Сергіем, ён якраз заканчвае малебен.
— У яго пастаянна то запаленне, то яшчэ што, — расказвае святар пра айца Васіля. — Ён ужо ляжаў два гады таму, ледзь не паміраў. Гасподзь, напэўна, дае яму веру моцную. Што ў яго цяпер там — ніхто не правяраў. Ён цяпер ляжыць у Бараўлянах, у шпіталі ветэранаў. У яго яшчэ праблема ў тым, што ён упаў і зламаў рабро. У яго больш праблема ад гэтага цяпер, чым ад кашлю або запалення.
Крыху пазней была апублікаваная інфармацыя пра тое, што протаіерэй Васіль Лясько знаходзіцца ў шпітальнай рэанімацыі з дыягназам "пнеўманія". Шпіталь ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах з пачатку сакавіка выкарыстоўваецца для пацыентаў з пацверджаным COVID-19 і кантактаў першага ўзроўню.
— Айцец Васіль адкрыты быў, да яго прыходзілі людзі, ён жыў у гатэлі. Дый проста закрыцца ад віруса ў наш час нельга, — працягвае айцец Сергій. — У мяне знаёмы адзін займаўся даследаваннем, як штам віруса ўздзейнічае пры розных псіхасаматычных станах чалавека. Калі ў чалавека стан страху, прыгнечанасці, то вірус нават праз скуру ўсмоктваецца. Бескарысныя нашэнне масак, умыванні — ён праз скуру ўсмоктваўся, гэта было эксперыментальна даказана.
— Пасля заражэння айцец Васіль якім-небудзь чынам мог з кім-небудзь кантактаваць? Маглі ж і астатнія заразіцца.
— У манастыры, вядома, мы дыхаем адным паветрам, але я думаю, што праз чашу святую нічога не перадаецца і тыя, хто прычашчаецца, атрымліваюць больш імпульс веры, чым магчымасць страціць гэтую веру.
— Пакуль ішлі да вас, бачылі толькі адну прыхаджанку ў медыцынскай масцы. Вы вось без маскі, манашкі без масак. Вы лічыце, што гэта не трэба?
— Вірус складае ўсяго 5 мікрон, ён праз любую маску праходзіць. Вось, напрыклад, процічумныя касцюмы. Па ідэі гэтыя касцюмы павінны быць аднаразовыя. Але дактары ходзяць то да аднаго хворага, то да другога, і ўсё роўна на гэтых касцюмах вірусы могуць заставацца. Дэзапрацоўку касцюма вельмі складана зрабіць. Таму ў любым выпадку гэта хутчэй уяўная абарона. А маску надзяваць мае сэнс, калі чалавек чхае і кашляе, каб не заражаць навакольных.
Элементарныя нормы гігіены заўсёды ёсць, святары мыюць рукі ў алтары пасля літургіі, таксама мыем рукі пасля наведвання туалета, грамадскага транспарту. А калі празмерна карыстацца антысептыкам, то ён губляе сваю ўласцівасць, перастае дзейнічаць. Абсалютнай гарантыі нічога не дае. Таму, можа, часам чалавеку трэба перахварэць, разгледзець гэтую хваробу ў сабе і забіць яе ў пачатку.
Па стане на 23 красавіка ў манастыры захварэлі як мінімум 9 святароў. На сайце Свята-Елісавецінскага манастыра апублікаваны спіс тых, хто захварэў, у тым ліку тых, хто захварэў на COVID-19.
У Беларусі на 22 красавіка пацверджаны 7281 выпадак каранавіруснай інфекцыі. Гэта ўжо больш, чым выяўлена ва Украіне і ў Чэхіі. У многіх рэгіёнах нашай краіны адзначаюцца ўспышкі пнеўманіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.