Ідэолагі: "Мы працуем, калі няма каму ўжо працаваць"

У суботу на станцыі метро “Малінаўка” прайшоў першы суботнік. Смецце прыбіралі навучэнцы двух мінскіх каледжаў.

Пытаюся, як патрапіць на суботнік, у намесніка дырэктара па вытворчым навучанні ліцэя № 10 Андрэя Горбача.

“Нам адміністрацыя Маскоўскага раёна прысылала ліст, і згодна з гэтым лістом мы складалі загад і накіроўвалі навучэнцаў”, — распавядае намеснік дырэктара. Кажа, што навучэнцы суботнікам вельмі задаволеныя, хоць і працавалі бясплатна і нават “просяцца яшчэ раз і яшчэ раз, бо хочуць аказаць дапамогу гораду”.

У адміністрацыі Маскоўскага раёна з пытаннямі накіроўваюць да ідэолагаў: яны разам з архітэктарамі займаюцца суботнікамі. Пытаюся, ці самі ідэолагі былі на суботніку.

“Ну, мы працуем у апошнюю чаргу, калі ўжо зусім працаваць няма каму. А так дастаткова людзей тэлефануе, не сказаць, каб многа, але жадаючыя дапамагаць будаваць метро ёсць”, — падлічваюць у аддзеле ідэалогіі Маскоўскага раёна сталіцы.  

У адміністрацыі Мінскметрабуд аб графіку будучых суботнікаў не ведаюць: "пакуль будуць маразы, няма чаго марозіць людзей". Перспектыве працаваць з цэлай брыгадай журналістаў тут чамусьці не вельмі абрадаваліся.

“Ах, дзяўчына, калі б ад вашых намаганняў хутчэй метро будавалася! А так — гэта ж дакументы трэба падпісваць аб неразгалошванні. Вы ж будзеце працаваць на рэжымным аб’екце!”.

Еўрарадыё: Дык тыя студэнты нешта падпісвалі?

Мінскметрабуд: Не, але яны з большага потым прыйдуць да нас жа працаваць. Палова добрых кадраў прыйшло.

Без асаблівай яснасці, ці патрэбны ім працоўныя рукі, тэлефаную ў будаўніча-мантажнае ўпраўленне № 2 Мінскметрабуда. Тут працоўныя рукі патрэбныя.

“Вядома, патрэбныя рукі, канкрэтна для будаўніча-мантажнага ўпраўлення №2 патрэбныя. І праца па будаўніцтве будзе хутчэйшай. Вось, да прыкладу, маляры маглі б ужо нешта рабіць, а так яны прыбіраюць смецце ці рыштаванні ставяць будаўнічыя, — прыводзяць неабходнасць працы ў мантажным упраўленні. — Дамо на месцы каску — калі трэба, рукавіцы. Але не трэба натоўпам званіць, а каб назбіралася група чалавек 20-25, прызначыла старэйшага,  патэлефанавала, а мы сустрэнем і дамо працу”.

Каб дапамагчы на суботніках, трэба звярнуцца ў адміністрацыю Маскоўскага раёна — у аддзел архітэктуры, прызначыць старэйшага, знайсці “спецоўку” і арганізавана прыйсці на працу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі