Ігара Гіркіна везлі ў суд у аўтазаку разам з украінскімі ваеннапалоннымі

Ігар Гіркін (Стралкоў) у судзе / t.me/redakciya_channel/

Ігар Гіркін (Стралкоў) у судзе / t.me/redakciya_channel/

Палкоўніка ФСБ Ігара Гіркіна (Стралкова) везлі ў суд у Маскве ў аўтазаку разам з украінскімі ваеннапалоннымі, грамадзянамі Украіны. Пра гэта сцвярджае яго жонка Міраслава Рэгінская, якая спасылаецца на паведамленне адваката. Гіркіна везлі з Лефортава. Украінцы, якія сядзелі побач, абвінавачваюцца ў РФ у "вайсковых злачынствах у Марыупалі". Рэгінская піша, што для яе мужа існавала "патэнцыйная пагроза".

"Расцэньваю гэта як злачынную халатнасць кіраўнікоў канвойнай службы", — дадае яна.

Ігар Гіркін — камандзір атрада расійскіх дыверсантаў, якія ў 2014 годзе з Крыма ўвайшлі на ўкраінскі Данбас і захапілі Славянск. Быў "міністрам абароны" так званай "ДНР". У апошнія гады ён стаў вядомы як блогер, крытыкаваў за нерашучасць і няўдачы ва Украіне Уладзіміра Пуціна і яго атачэнне. Таксама жорстка выказваўся пра вагнераўцаў за іх спробу мецяжу ў чэрвені 2023-га. 

Гіркіна затрымалі ў Маскве 21 ліпеня і адправілі ў СІЗА да верасня. Яго абвінавачваюць у "закліках да экстрэмізму".

У аўторак Маскоўскі гарадскі суд пакінуў Ігара Гіркіна пад арыштам. Ён заявіў, што не лічыць сябе вінаватым.

Гіркін (Стралкоў) мае статус галоўнага абвінавачанага па справе аб крушэнні малазійскага Boeing MH-17, па якім суд у Гаазе завочна прысудзіў яго да пажыццёвага зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі