Іх норавы: як прымусіць загаварыць па-ірландску і каму Jay-Z даслаў сто ружаў

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Сёння на галоўных старонках сусветных навінаў — навіна, што беларускі суд адправіў у калонію нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага.

Пра што яшчэ пісалі сусветныя медыя на гэтым тыдні — у штотыднёвым аглядзе на Еўрарадыё. 
 

Пасадзіць канкурэнта перад выбарамі

Адгадайце краіну па навінавым загалоўку: "Самага вядомага лідара апазіцыі асудзілі на 27 гадоў хатняга арышту за дзяржаўную здраду і змову з замежнымі дзяржавамі". Усе аўтакратыі свету падобныя адна да адной, але гэтым разам гаворка пра Камбоджу.

Прэм'ер-міністр Хун Сен ва ўладзе з 1985 года. У ліпені ў краіне мусяць прайсці новыя выбары. Канкурэнцыю прэм'еру мусіў скласці акурат асуджаны Кем Соха. У мінулым — праваабаронца, ён быў кіраўніком Камбаджыйскай партыі нацыянальнага выратавання. А цяпер 69-гадовы палітык не можа ні балатавацца на выбарах, ні галасаваць на іх, піша ВВС.

І ў камбаджыйцаў цяпер два варыянты развіцця падзей на ліпеньскіх выбарах. Большасць лічыць, што Хун Сен зноў будзе балатавацца, некаторыя думаюць, што ён перадасць уладу старэйшаму сыну Хун Мане.

Их нравы: как заставить человека говорить по-ирландски и кому Jay-Z прислал розы
Асуджаны лідар апазіцыі / PAP/EPA/Kith Serey

"Адпраўка Кема Сохі ў турму азначае не толькі знішчэнне яго палітычнай партыі, але і знішчэнне любой надзеі на тое, што ў ліпені могуць адбыцца сапраўдныя ўсеагульныя выбары", — заявілі праваабаронцы з Human Rights Watch.

Калі вам мала флэшбэкаў, дадамо, што большасць лідараў партыі Кема Сохі або прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, або з'ехалі з краіны. А ў мінулым месяцы прэм'ер-міністр закрыў адно з апошніх незалежных медыя — "Голас дэмакратыі".
 

Ён вам не брытанец 

А вось якая гісторыя здарылася на адной чырвонай дарожцы. ВВС назвала намінанта на "Оскар", ірландскага акцёра Пола Мескаля, брытанцам. Пазней, вядома, выправілася і папрасіла прабачэння, але асадачак у Пола застаўся.

І калі да яго падышлі журналісты ірландскага канала TG4, Пол загаварыў на гэльскай! Гэльская — гэта нацыянальная мова Ірландыі. Далёка не ўсе ў краіне разумеюць яе, а свабодна гавораць наогул нямногія.

Пол папрасіў прабачэння за тое, што недастаткова добра гаворыць па-ірландску: калі ён вучыўся ў школе, то валодаў гэтай мовай лепш. Але ірландцы не сталі шукаць памылкі ў яго гаворцы, а падтрымалі. Інтэрв'ю Мескаля на гэльскай справакавала літаральна выбух нацыянальнага гонару, піша New York Times. 

Их нравы: как заставить человека говорить по-ирландски и кому Jay-Z прислал розы
Ірландыя / pixabay

Пісьменніца Этнэ Шортал выказала здагадку, што ірландцы так рэдка гавораць па-гэльску, бо саромеюцца. Маўляў, разумеюць, што нацыянальнай мовай трэба валодаць свабодна, і гаварыць з памылкамі баяцца. Пол прадэманстраваў: галоўнае не баяцца.

Дзесьці мы гэта ўсё ўжо бачылі. Не пакідайце ж гэльскай сваёй, каб не ўмёрлі. 
 

Землятрус у Турцыі 

Улады Турцыі арыштавалі 200 чалавек. Іх падазраюць у парушэнні нормаў будаўніцтва. Асаблівы трагізм сітуацыі ў тым, што некаторыя з іх арыштаваныя завочна — яны загінулі ў выніку землятрусу, піша CNN.

У Турцыі абрынулася больш за 5,7 тыс. будынкаў. Прычым некаторыя з іх — цалкам.

Пасля папярэдніх стыхійных бедстваў будаўнічыя нормы ў Турцыі зрабілі больш жорсткімі. Гэта мусіла гарантаваць, што сучасныя будынкі вытрымаюць нават сур'ёзныя падземныя штуршкі. Цяпер, калі бачныя маштабы разбурэнняў, жыхары і эксперты задаюцца пытаннем, ці выконваліся гэтыя нормы.
 

Хацелі схуднець да лета? Можаце пачынаць

Сусветная федэрацыя барацьбы з атлусценнем мяркуе, што да 2035 года больш чым палова насельніцтва свету будзе пакутаваць на лішнюю вагу, піша ВВС. У групе рызыкі — больш за 4 млрд чалавек, асабліва дзеці.

Мяркуецца, што мацней за ўсё ад гэтай праблемы могуць пацярпець краіны Афрыкі і Азіі з нізкім або сярэднім узроўнем даходу. Таму што людзі з больш нізкім узроўнем даходу выбіраюць прадукты з высокай ступенню апрацоўкі, а ўрады небагатых краін не заўсёды ўважліва сочаць за маркетынгам такіх прадуктаў.

Увогуле, калі хацелі схуднець да лета, можаце пачынаць. Толькі не перастарайцеся, бо нерэалістычныя стандарты прыгажосці таксама ўжо не ў модзе. Напрыклад, на гэтым тыдні выбухнуў скандал праз фільтр #boldglamourfilter ў Ціктоку. Гэты фільтр да непазнавальнасці мяняе твар, падкрэслівае скулы і дадае макіяж — пакідаючы яго пры гэтым рэалістычным.

Шмат каму спадабалася, але вось амерыканскі канал АВС са спасылкай на некаторых інфлюэнсераў піша, што навязванне такіх стандартаў прыгажосці мусіць стаць наогул па-за законам.
 

“Я пайшла да доктара, а медсёстры кажуць: Я цябе ведаю!”

А цяпер добрыя навіны з Ціктока. Некалькі жанчын з амерыканскага дома састарэлых Arcadia Senior Living выканалі танец з кліпа Рыяны — і сабралі больш за 20 мільёнаў праглядаў, піша мясцовае выданне WNKY.

Паглядзіце на гэты танец!

"Днямі я пайшла да доктара, і медсёстры, як толькі я зайшла, адразу зразумелі, хто я", — расказвае адна з удзельніц відэароліка Дора.

Пазнаюць пяцярых удзельніц кліпа не только медсёстры: амерыканскі рэпер Jay-Z даслаў ім букет са ста ружаў.

"Мая ўнучка занепакоілася і сказала маме: "Спадзяюся, бабуля ведае, хто такі Jay-Z!"

Усе, хто станцаваў у гэтым відэа, спадзяюцца, што здолелі даказаць: старэць не так ужо кепска, як прынята думаць. І так, група ўжо рыхтуе новае танцавальнае відэа: наперадзе Дзень Барбі, нешта будзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі