Іх норавы: свет афарбаваўся ў жоўта-сіні колер
Кароткі агляд сусветных навін і сусветнай салідарнасці / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Сёння свет афарбаваўся ў жоўта-сіні — у знак салідарнасці з Украінай. Раскажам пра гэта і пра тое, чаму ў неспакойныя часы мы нават у марскім буйку можам разгледзець яйка Гадзілы. І гэта нармальна.
Няма часу чытаць? Слухайце на любы зручнай платформе.
Тыдзень салідарнасці
"Пасля гэтай вайны будзе жыццё, бо Украіна пераможа", — сказала мэр Парыжа Ан Ідальга — і Эйфелева вежа запалілася колерамі ўкраінскага сцяга. А разам з ёй жоўта-сіняй зрабілася падсветка ўсіх будынкаў Еўрапейскага саюза ў Бруселі, піша Reuters.
А перад Брандэнбургскай брамай у Берліне са свечак склалі велізарны сімвал міру. У Бруселі каля Еўрапейскага квартала рассадзілі плюшавых мішак — яны сімвалізавалі ўкраінскіх дзяцей, якіх вывезлі ў Расію.
А на Трафальгарскай плошчы ў Лондане оскараносная актрыса Хелен Мірэн прачытала верш у падтрымку Украіны — і расплакалася, калі жадала краіне міру, дэмакратыі і свабоды. Мірэн чытала англійскую версію верша ўкраінскага паэта Сяргія Жадана "Бяры толькі самае важнае".
Акцыі былі не толькі санкцыянаваныя, але і стыхійныя. Чаго толькі не ўбачылі на гэтым тыдні са сваіх вокнаў расійскія амбасадары ва ўсім свеце. Напрыклад, у Лондане пратэстоўцы пафарбавалі праезную частку перад амбасадай Расіі ў колеры ўкраінскага сцяга. Брытанскія актывісты вылілі на дарогу 170 літраў жоўтай фарбы і столькі ж — сіняй.
Але пачаў тыдзень салідарнасці прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, які нечакана для ўсіх прыехаў у Кіеў. Мы ўсе памятаем кадры, на якіх Байдэн з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім ідуць у сховішча пад гукі сірэны.
Важна, што акцыі салідарнасці ладзяцца і ў Расіі. На вуліцах Пецярбурга пачалі з'яўляцца чорныя стужачкі — сімвал трагічнай гадавіны. У Хабараўску і Уладзівастоку людзі выйшлі на адзіночныя пікеты.
Як дапамагчы ахвярам
Урад Перу выплаціць сем'ям, якія на пратэстах страцілі сваіх блізкіх, фінансавую дапамогу прыкладна ў 13 тысяч долараў, цытуе CNN мясцовае выданне "Эль Перуана". Пацярпелым на пратэстах выплацяць палову гэтай сумы.
З аднаго боку, беларусы нават уявіць не могуць, каб Аляксандр Лукашэнка пайшоў хоць бы на штосьці падобнае. Але Amnesty International хоча ад урада нашмат большага: ён павінен не проста заплаціць пацярпелым, але і ўзяць на сябе адказнасць за гібель людзей.
"Эканамічная дапамога людзям, забітым і параненым з'яўляецца абавязкам дзяржавы, але не вызваляе ад абавязку дамагацца праўды, справядлівасці і кампенсацыі шкоды ахвярам", — гаворыцца ў паведамленні Amnesty ў Twitter.
На пратэстах у Перу загінула не менш за 60 чалавек, у тым ліку адзін паліцэйскі. Акцыі ўспыхнулі пасля імпічменту экс-прэзідэнту Педра Кастылья, некалі простаму сельскаму настаўніку.
Калі Кастылья ішоў у прэзідэнты, ён абяцаў прадстаўляць інтарэсы простых людзей, зрабіць так, каб у багатай краіне больш не было бедных. І многія не прынялі імпічмент яму.
Засуха ў Венецыі
Складана паверыць, так? Горад, дзе асноўнай праблемай заўсёды былі паводкі, сапраўды сутыкнуўся з засухай. Эколагі кажуць, што ў Альпах сёлета выпала менш за палову звычайнай колькасці снегу. І праз гэтую зімовую "засуху" ў гарах Венецыя сутыкнулася з незвычайна нізкімі прылівамі, піша Reuters.
У выніку па некаторых венецыянскіх каналах не могуць плаваць гандальеры. Але гэта не самая вялікая праблема, бо па каналах у Венецыі плаваюць не толькі турысты, але і карэты хуткай дапамогі, і водныя таксі. Іншага транспарту ў горадзе няма.
Exceptionally low tides and a lack of rain in Venice has left some of the city's famous canals almost dry. Boats and traditional gondolas, which are used for transportation inside the city, could be seen nearly stranded in some of the canals. pic.twitter.com/5wMgUuxPyn
— CBS News (@CBSNews) February 22, 2023
Сіноптыкі, зрэшты, запэўніваюць, што ў найбліжэйшы час такія неабходныя ападкі ўсё ж выпадуць.
Яйка Гадзілы на беразе
Мала нам было неапазнаных лятальных аб'ектаў у небе над ЗША, дык тут яшчэ і да берагоў Японіі прыбіла неапазнаную металічную сферу, піша ВВС.
Японскія афіцыйныя асобы так і не змаглі выразна растлумачыць, што гэта, таму людзі, не дачакаўшыся афіцыйных тлумачэнняў, назвалі аб'ект "яйкам Гадзілы".
Правяраць "яйка" выехалі паліцыя і нават сапёры. Яйку зрабілі рэнтген. І нават пасля гэтага не змаглі сказаць нічога акрамя таго, што "аб'ект бяспечны".
Карыстальнікі сацсетак узяліся за ўласнае расследаванне. У аб'екце многія пазналі звычайны прычальны буёк.
"Не магу паверыць, што чыноўнікі з краіны, акружанай акіянам, не пазнаюць гэты мячык", — напісаў адзін карыстальнік Twitter.
“Гэта стальны прычальны буй. Мне сорамна быць японцам", — дадаў іншы.
A mysterious metal ball spotted on a beach in Hamamatsu City this week prompted local police to scramble the bomb squad. A careful examination revealed it is not a threat -- but shed no light on what it actually is. pic.twitter.com/ytClWsP0bw
— NHK WORLD News (@NHKWORLD_News) February 21, 2023
Чыноўнікі, уласна, і не спрачаюцца з тым, што гэта буй. Але не японскі, а замежны. Такія аб'екты могуць плаваць у акіяне дзесяцігоддзямі, іржавець, губляць маркіроўку. А потым, калі іх выкідае на бераг, людзі пачынаюць падазраваць ва ўсім Гадзілу.
Журналісты ВВС заўважаюць, што рэакцыя японскіх уладаў на металічны шар была такой жа цікавай, як і сам прадмет. Тыдзень таму японскія СМІ абмяркоўвалі, чым скончыцца ракетная актыўнасць Паўночнай Карэі. Так што шар з'явіўся, калі настрой ва ўсіх быў ну вельмі нервовы.
Ліст да бабулі
Усе мы пісалі бабулям лісты, і кароль Карл — таксама. Гэта не дзіўна. Дзіўна тое, што адзін з такіх лістоў выпадкова знайшлі на гарышчы звычайнага дома, калі гаспадары наводзілі там парадак падчас калядных вакацый. Гэтую гісторыю пераказвае CNN.
"Мая жонка сказала: "Ваў, паглядзі на гэта!" — расказвае ўладальнік дома.
"Дарагая бабуля, мне шкада, што ты хворая. Спадзяюся, табе хутка зробіцца лепш. Люблю цябе, Чарльз", — напісана акуратным дзіцячым почыркам на адмысловым чынам разлінееным аркушы Букінгемскага палаца.
Папка, у якой знайшлі ліст, належала нябожчыку дзядулю ўладальніка дома Роланду Стокдэйлу. Калісьці ён працаваў у лонданскай паліцыі і ўваходзіў у падраздзяленне асабістай аховы каралевы ў 1950-х гадах. А пасля яго смерці папку з яго асабістымі дакументамі члены сям'і перадавалі з рук у рукі. Пакуль яна не апынулася на гарышчы.
"Я зусім не разумею, як ён атрымаў ліст, напісаны каралём Карлам", — кажа ўнук містара Стокдэйла. І мяркуе, што гэты ліст быў адным з многіх сувеніраў, якія дзеду падарыла каралева.
Ліст вырашылі прадаць на аўкцыёне — як мяркуецца, за яго можна атрымаць 12 тыс. долараў. Выдатная матывацыя адначасова для таго, каб быць сентыментальным і захоўваць старыя паперы, — і для таго, каб разбіраць іх. Раптам сярод іх ёсць ліст за 12 тысяч долараў?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.