Беларуска расказала пра свой "палёт" на Месяц
Вольга Масціцкая
Беларуска расказала пра свой "палёт" на Месяц. Навукоўца-хімік Вольга Масціцкая прайшла адбор і паўдзельнічала ў Расіі ў 366-сутачным ізаляцыйным эксперыменце SIRIUS-23, які імітаваў касмічныя палёты. Роўна год удзельнікі праекта (шэсць чалавек, з якіх пяць — расіяне) знаходзіліся ў спецыяльным комплексе, які мадэлюе жыццё на касмічнай станцыі. І толькі два тыдні таму яны змаглі адтуль выйсці.
У гутарцы са "Спутнікам" Масціцкая кажа, што выкананала дзясяткі даследаванняў (яна працуе ў Акадэміі навук Беларусі малодшай навуковай супрацоўніцай Інстытута фізіка-арганічнай хіміі). Тройчы даследчыца "спускалася" на паверхню спадарожніка Зямлі. А яшчэ на працягу ўсяго палёту праводзіла працы з бартавой аранжарэяй (там выраслі зеляніна і памідоры). У вольны час гулялі ў настольныя гульні, на музычных інструментах, было нават караоке.
Падчас эксперыменту ствараліся няштатныя сітуацыі, пра якія ўдзельнікі не маглі ведаць загадзя. Гэта і "нечаканае" знікненне вады, і падвышэнне ўзроўню вуглякіслага газу ў арбітальным модулі. Арганізатары эксперыменту круглыя суткі кантралявалі стан "касманаўтаў", у тым ліку іх псіхаэмацыйны фон. Лісты ад родных і навіны ім выдаваліся дазавана. Тэлефанаванні не дазваляліся, двойчы на дзень можна было карыстацца толькі электроннай поштай.
"Вядома, традыцыйных беларускіх страў мне не хапала, і я вельмі па іх сумавала, — гаворыць Вольга Масціцкая. — ...На борце мы не адчувалі сезоннасць, таму што была пастаянная тэмпература, вільготнасць, ціск. Вядома, сапраўднай прыроды не хапала, і пачуццё страчанасці прысутнічае".
Для Масціцкай падобныя эксперыменты ўжо не цікавыя, у адрозненне ад рэальных касмічных палётаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.