Амерыканскага соміка і рака ў Беларусі прызналі шкоднікамі для экасістэмы
Ратан нясе небяспеку беларускай прыродзе
Беларускія навукоўцы назвалі жывёл, якія пагражаюць мясцовай прыродзе. Іх назвалі «агрэсарамі» — гэта інвазійныя віды, якія прыйшлі з іншых рэгіёнаў і шкодзяць экасістэме.
Так, малюск дрысена пераносіць паразітаў, з-за якіх рыбы хварэюць і горш размнажаюцца. Ён таксама засмечвае гідратэхнічныя збудаванні, перашкаджаючы іх працы. Літогліф распаўсюджвае паразітаў, што выклікаюць у рыб "чорнаточачную" хваробу, небяспечную і для чалавека.
Амерыканскі паласаты рак распаўсюджвае смяротную для мясцовых ракаў хваробу – рыб'ю чуму.
Сярод рыб навукоўцы называюць ратана-галавешку, бычка-пясочніка і амерыканскага соміка. Гэтыя віды актыўна размнажаюцца, выцясняюць мясцовых рыб, з’ядаюць іх ежу і займаюць месцы для нерасту. Амерыканскі сомік таксама небяспечны буйным драпежнікам сваімі вострымі шыпамі на плаўніках.
Навукоўцы прапануюць прымаць меры для кантролю колькасці такіх відаў, каб абараніць мясцовыя экасістэмы і захаваць біяразнастайнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.