Акадэмія навук дапускала сур'ёзныя пралікі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве

Старшыня НАН Уладзімір Гусакоў "вывучае сімвалічныя вынікі работы аграрыяў"

Старшыня НАН Уладзімір Гусакоў "вывучае сімвалічныя вынікі работы аграрыяў" / t.me/pul_1/

Акадэмія навук Беларусі дапускала сур'ёзныя пралікі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Пра гэта ў аўторак на нарадзе, прысвечанай дзейнасці НАН (на яе збіралася рабочая група па аналізе дзейнасці Акадэміі навук), заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, згаданыя пралікі ён ўбачыў "апошнім часам". І мог бы дараваць, але "памылкі дапускаліся Акадэміяй навук там, дзе іх быць не павінна, дзе мы ўжо нечаму навучыліся".

"Без эфектыўнай акадэмічнай навукі развіццё краіны будзе праблематычным, — гаварыў Лукашэнка. — Але з такой навукай, як у нас, мы не паскорымся і поспехаў не даможамся".

Яго абурыла і "каласальная недапрацоўка ўрада ў суправаджэнні навуковай сферы". Высветлілася, што міністэрствы "фактычна не ўдзельнічаюць" у навуковых праграмах, іх практычна няма ў ліку заказчыкаў. І атрымалася, што ў такіх напрамках, як беспілотнікі, космас, лічбавыя і біятэхналогіі, Акадэмія навук "сама сабе заказчык, выканаўца і кантралёр".

Кіраўнік нарады адзначыў, што няма ні выніку, ні вінаватых — пытацца няма з каго.

Аляксандр Лукашэнка загадаў праверыць Акадэмію навук у чэрвені 2024-га (ён западозрыў, што ў Акадэміі навук яго падманваюць). Была створана працоўная група на чале з галоўным кантралёрам Васілём Герасімавым (старшынём КДК). Стаяла задача найперш вывучыць пытанні "практыка-арыентаванасці і выніковасці навуковых даследаванняў і распрацовак навукоўцаў", іх укаранення ў эканоміцы. У ліпені Герасімаў агучыў папярэднія вынікі. Ён заявіў, што "глабальных праблем" у НАН не выявілі і нічога "руйнаваць" кантралёры не збіраюцца. А прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка супакойваў, што навуковая галіна Беларусі не мае патрэбы ў глабальных рэформах. На яго погляд, ёй патрэбна "даналаджванне". Але нешта пайшло не так.

"Ад дзейнасці Акадэміі мы не бачым той аддачы, на якую разлічвалі, — гаварыў на нарадзе Лукашэнка. — Няма манетызацыі даследаванняў і распрацовак Акадэміі навук. А гэта галоўны крытэр ацэнкі эфектыўнасці".

А старшыня КДК дадаў: "У выніку выконваюцца даследаванні, адарваныя ад патрэб рэальнага дзяржсектара, а галіновыя дзяржорганы часцяком не дасведчаныя аб распрацоўках Акадэміі, якія могуць быць ім карысныя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі