"Немагчыма і немэтазгодна" — рагачоўцы прасілі перанесці асфальтныя заводы
Мінская праверка ў Рагачове
Жыхары вуліцы Іолшыных у Рагачове незадаволеныя суседствам двух асфальтабетонных заводаў, якія належаць мясцовым дарожным прадпрыемствам.
Як піша "Флагшток", людзі заяўляюць, што прамысловыя выкіды забруджваюць навакольнае асяроддзе і негатыўна адбіваюцца на здароўі, пагаршаючы якасць іх жыцця. Таксама яны звяртаюць увагу на непрыемны пах бітуму. Рагачоўцы папрасілі перанесці заводы за рысу горада.
Разбірацца ў сітуацыі ў Рагачоў прыехалі старшыня Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Нацыянальнага сходу Жанна Чарняўская і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Кудзеньчук. У суправаджэнні мясцовых чыноўнікаў яны наведалі асфальтабетонны завод "Сверкава" ДБУ-1 і такое ж прадпрыемства ДРБУ-154, якія знаходзяцца побач. Потым мінская праверка сустрэлася з заяўнікамі
Прадстаўнік завода ДБУ-1 заявіў, што на прадпрыемстве "добрая сучасная сістэма ачысткі і фільтрацыі". Паводле яго выкіды ў атмасферу не перавышаюць дапушчальных значэнняў. Пры гэтым ён спаслаўся на мясцовую санстанцыю і інспекцыю аховы прыроды. Пра другі завод у публікацыі рагачоўскай раёнкі нічога не паведамляецца.
Жанна Чарняўская заявіла рагачоўцам, што "перанос заводаў за рысу горада не ўяўляецца магчымым і немэтазгодны". Пры гэтым яна паабяцала дапамагчы знайсці кампраміс аўтарам звароту і кіраўніцтву дарожных прадпрыемстваў, якім належаць заводы.
У артыкуле рагачоўскай раёнкі гаворыцца, што "санітарна-ахоўная зона паміж жылым сектарам і заводамі — крыху менш за 500 метраў, але гэта ніяк не ўплывае на сітуацыю", а ступень "непрыемных пахаў бітуму немагчыма ацаніць лабараторнымі метадамі".
У каментары "Флагштоку" эколаг Дзмітрый Янкоў патлумачыў, што базавая санітарна-ахоўная зона для асфальтавых заводаў — 500 метраў. Узводжзіць такія прадпрыемствы бліжэй да жылой забудовы забаронена.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.