Беларусь драматычна страчвае працоўныя кадры — "Кіберпартызаны" даюць статыстыку
Працаздольныя беларусы з'язджаюць з краіны і перастаюць плаціць падаткі рэжыму Лукашэнкі
"Кіберпартызаны" атрымалі доступ да ўнутранай інфармацыі розных дзяржаўных ведамстваў, якія ўключаюць звесткі аб працоўнай занятасці за апошнія некалькі гадоў. Ёю чыноўнікі абменьваюцца паміж сабой выключна ў электронных табліцах, але публічна яна не выстаўляецца.
Актывісты заўважаюць значнае скарачэнне колькасці працоўнага насельніцтва ў Беларусі ў перыяд з 2020 па 2025 год. Статыстыка ўлічвае два паказчыкі: агульную колькасць заключаных працоўных дагавораў і ўнікальную колькасць занятых грамадзян.
Пры гэтым адзін чалавек можа быць улічаны некалькі разоў, калі за гэты перыяд мяняў месца працы. Мяркуючы па атрыманых дакументах, такіх выпадкаў нямала.
Напрыклад, табліцы за 2021-2022 гады паказваюць агульную колькасць заключаных і скасаваных кантрактаў ва ўсіх абласцях краіны. Тут адзін чалавек можа фігураваць некалькі разоў, калі працаваў у розных рэгіёнах. У іншым дакуменце прыводзяцца звесткі аб унікальнай колькасці работнікаў, дзе кожны ўлічваецца толькі адзін раз, незалежна ад змены месца працы.
"Кіберпартызаны" таксама ўдакладняюць, што ў афіцыйную статыстыку трапляюць не толькі беларусы, але і замежныя грамадзяне, якія працуюць у краіне (на пачатак 2024 года іх было 29 242 тысячы чалавек), а таксама людзі, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпачынках (154 409 чалавек за той самы перыяд).
Сярод іншых дадзеных — статыстыка па індывідуальных прадпрымальніках. З 2019 года сваю дзейнасць прыпыніла больш за 120 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), што складае каля 35% ад іх агульнай колькасці.
Агульныя тэндэнцыі, пацверджаныя ў дакументах, сведчаць, што колькасць працоўнага насельніцтва працягвае скарачацца. Толькі за 2021-2023 гады каля 400 тысяч чалавек перасталі працаваць у Беларусі.
Гэтыя лічбы агаляюць рэальнасць, якую ўлада спрабуе схаваць за прапагандысцкімі заявамі аб так званай "стабільнасці". Масавыя рэпрэсіі, страх і напружанне прымушаюць беларусаў пакідаць краіну або сыходзіць з афіцыйнага сектара эканомікі, каб не "карміць" рэжым.
Асабліва гэта заўважна па аб'ёме ўцечкі высокакваліфікаваных кадраў, якія імкнуцца жыць і працаваць у дэмакратычных краінах.
"Кіберпартызаны" абяцаюць працягнуць публікацыі, якія раскрываюць рэальныя паказчыкі ў IT-сектары, медыцыне, вытворчасці, а таксама звесткі аб нараджальнасці і смяротнасці. Гэтыя матэрыялы стануць яшчэ адным сведчаннем сістэмнага крызісу ў краіне, які ўлада імкнецца прыхаваць любой цаной.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.