Касмічны зонд NASA ацалеў у неверагодна высокай тэмпературы каля Сонца
Parker Solar Probe
Касмічны зонд NASA ацалеў у неверагодна высокай тэмпературы каля Сонца. Пасля некалькіх дзён маўчання ён перадаў на Зямлю сігнал радыёмаяка, што з ім усё добра і ён працуе нармальна, паведамляе blogs.nasa.gov.
Parker Solar Probe 24 снежня здзейсніў рэкорднае збліжэнне з Сонцам. Тады каманда NASA і страціла сувязь з касмічным апаратам. Чакаецца, што ён адправіць падрабязныя тэлеметрычныя даныя аб сваім стане 1 студзеня.
Parker Solar Probe быў запушчаны да Сонца ў 2018-м. Ён ужо 21 раз пралятаў міма зоркі, кожны раз усё бліжэй. Сёлета адлегласць да яе стала рэкорднай (крыху больш за 6 млн кіламетраў ад сонечнай паверхні).
Навукоўцы спадзяюцца, што гэтая місія дапаможа лепш зразумець, як уладкована Сонца. Сярод іншага яны спрабуюць разгадаць таямніцу кароны Сонца: яна вельмі гарачая, а чаму, невядома. Калі тэмпература паверхні зоркі складае каля 6000 градусаў, дык карона награваецца да мільёна градусаў!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.