Касмічны зонд NASA падляціць так блізка да Сонца, як ніколі дагэтуль
Навукоўцы спрабуюць разгадаць таямніцы Сонца
Касмічны зонд NASA падляціць вельмі блізка да Сонца. Дагэтуль запушчаныя з Зямлі апараты не дасягалі такой адлегласці (ужо плануецца новы праект). Навукоўцы спадзяюцца, што гэтая місія дапаможа лепш зразумець, як уладкована Сонца, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Кіраўніца навуковага аддзела NASA Нікаля Фокс кажа, што "нельга скласці яснае ўяўленне пра атмасферу, пакуль у ёй не пабываеш". Навукоўцы спадзяюцца, што місія дапаможа разгадаць таямніцу кароны Сонца: яна вельмі гарачая, а чаму, невядома. Калі тэмпература паверхні зоркі складае каля 6000 градусаў, дык карона награваецца да мільёна градусаў! Яшчэ адна задача зонда — вывучэнне сонечнага ветру. Гэта пастаянны паток зараджаных часціц, якія вырываюцца з кароны. Калі яны ўзаемадзейнічаюць з магнітным полем Зямлі, узнікае паўночнае ззянне.
Parker Solar Probe быў запушчаны да Сонца ў 2018-м. Ён ужо 21 раз пралятаў міма зоркі, кожны раз усё бліжэй. Сёлета адлегласць да яе стане рэкорднай (6,2 млн кіламетраў ад сонечнай паверхні, а Зямля знаходзіцца на адлегласці 149 млн км ад Сонца). Зонд ужо апускаецца ў знешнюю атмасферу зоркі і вытрымлівае неверагодна высокія тэмпературы (1400 градусаў Цэльсія), экстрэмальную радыяцыю. Ёсць пагроза, што бартавая электроніка не вытрымае, нягледзячы на абарону апарата вугляродна-кампазітным шчытом таўшчынёй 11,5 см. Падчас гэтага палёту з зондам на некалькі дзён знікла сувязь. Навукоўцы зразумеюць, ці ўдалося яму выжыць, толькі раніцай 28 снежня. Менавіта тады яны павінны атрымаць ад Parker Solar Probe сігнал.
Каб пазбегнуць знішчэння, апарат на велізарнай хуткасці павінен наблізіцца да Сонца, а затым таксама хутка адысці ад яго. Хуткасць складзе 692 тысяч кіламетраў за гадзіну (гэта эквівалентна пералёту з Лондана ў Нью-Ёрк менш чым за 30 секунд). Яе ўдасца дасягнуць пад уздзеяннем велізарнай сілы прыцягнення, якая ўзнікае ў такой блізкасці ад зоркі. Parker Solar Probe будзе імчацца ў космасе хутчэй, чым любы іншы створаны чалавекам аб'ект.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.