NASA ўхваліла план місіі па вывучэнні сонечнай атмасферы
Апарат для вывучэння Сонца будзе запушчаны не раней за 2027 год
NASA ўхваліла план місіі касмічнай абсерваторыі MUSE па вывучэнні сонечнай атмасферы. Яна "мае вырашальнае значэнне для лепшага разумення нашай зоркі". У канцы жніўня місія пераадолела важны этап у падрыхтоўцы да запуску, паведамляе "Голас Амерыкі".
Навукоўцаў цікавіць верхняя і самая гарачая частка атмасферы Сонца — яго карона, а таксама каранальныя выкіды масы. На борце апарата будзе знаходзіцца набор інструментаў, якія здольныя падрабязна вывучаць нават ніжнія пласты сонечнай атмасферы. Навукоўцы абяцаюць, што спектрометр MUSE зможа "ўбачыць" дэталі абалонкі зоркі на вышыні каля 320 кіламетраў над фотасферай (менавіта гэтую частку свяціла мы і бачым з Зямлі).
"Гэтыя прыборы настолькі дакладныя, што могуць адрозніць год на дзесяціцэнтавай манеце з адлегласці ў мілю, паведамляючы пры гэтым тэмпературу манеты і хуткасць яе руху", — сказаў Барт Дэ Панцье, галоўны даследчык місіі MUSE.
Чакаецца, што апарат для вывучэння Сонца будзе запушчаны не раней за 2027 год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.