Талібы закрываюць салоны прыгажосці, іспанцы ідуць на выбары з пляжа — #ІхНоравы
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Забойца птушачак Ілан Маск зноў перацягнуў на сябе ўсю ўвагу. Але новы лагатып "Твітара" сёння — не галоўная сусветная навіна. А якія галоўныя? Коратка раскажам, за якімі гісторыямі трэба сачыць удзень, каб увечары падтрымаць смол-ток.
Усе абараняюць дэмакратыю
Вярхоўны суд у Ізраілі страціў права адмяняць рашэнні ўрада, піша Washington Post. У Кнэсеце — ізраільскім парламенце — сёння прынялі пакет скандальных рэформаў, праз якія ізраільцяне пратэстуюць з сакавіка.
Ліберальныя ізраільцяне лічылі Вярхоўны суд апошняй апорай дэмакратыі. А чальцы кааліцыйнага ўрада прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху казалі, што ў судзе заселі левыя эліты. Яны нібыта злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі і "душаць" волю народа.
Абодва бакі запэўніваюць, што абараняюць дэмакратыю.
Сёння раніцай напярэдадні галасавання ўжо страйкавалі крамы і запраўкі ва ўсім Ізраілі. А ноччу ізраільскі бізнес-форум вырашыў, што закрые некалькі самых папулярных гандлёвых цэнтраў. Страйкаваць збіраліся яшчэ і 10 тысяч пілотаў ваеннага рэзерву, і кібервоіны.
Афганскія жанчыны засталіся яшчэ і без салонаў прыгажосці
Талібы вырашылі закрыць усе салоны прыгажосці. Афганка Зарміна пачула гэтую навіну, калі сядзела ў цырульніцкім крэсле — фарбавала свае чорныя валасы ў цёмна-каштанавы колер. І раптам гаспадыня салона пачала плакаць.
— Яна была ў вялікім шоку. Яна адзіная карміцелька ў сям'і. Калі мне рабілі бровы, я нават не магла глядзець у люстэрка. Усе вакол былі ў слязах, і стаяла цішыня, — цытуе Зарміну ВВС.
Зарміна жыве ў Кандагары на поўдні Афганістана — у гэтым жа горадзе жыве і вярхоўны лідар талібаў. Большасць жанчын тут носіць паранджу або хіджаб. Зарміна не можа выходзіць з дому без суправаджэння. Але муж дазволіў ёй 2-3 разы на год хадзіць у салон. І гутаркі з касметолагам былі рэдкімі гадзінамі, калі яна магла адчуць свабоду.
Іншая суразмоўніца ВВС, Мадзіна, успамінае, як у дзень вяселля зрабіла поўны макіяж. Паглядзела на сябе ў люстэрка і зразумела, што вельмі прыгожая. Муж Мадзіны заўсёды цярпліва чакаў яе каля дзвярэй салона і заўсёды рабіў кампліменты. Але цяпер гэтая радасць у мінулым.
Мадзіна хацела зрабіцца юрысткай, але талібы забаранілі ёй паступаць ва ўніверсітэт. Працу яна знайсці не можа — талібы да мінімуму скарацілі спіс вакансій для жанчын. Афганскія жанчыны ўжо не могуць хадзіць у школу, у спартзалы, у паркі — а цяпер не змогуць яшчэ і ў салоны прыгажосці. Закрыццё салонаў прывядзе не толькі да страты жанчынамі чарговых правоў, але і да страты прыкладна 60 тысяч працоўных месцаў.
Усе суразмоўніцы ВВС, якія расказалі пра сітуацыю з закрыццём салонаў, — ананімныя. Вам гэта нічога не нагадвае? Нам таксама нагадвае. Вось тут вы можаце пачытаць інтэрв'ю Еўрарадыё з афганскім журналістам. Аказваецца, у Беларусі і Афганістана (на жаль) больш агульнага, чым нам хацелася б.
Спёка на выбарах
Калі разумееш, што твой голас на выбарах важны, прыйдзеш на выбарчы ўчастак і проста з пляжа: у ластах і масцы для падводнага плавання. У Іспаніі ў гэтую нядзелю на выбарчых участках усё было менавіта так. На вуліцах — экстрэмальная спёка, 10 млн гішпанцаў у адпачынку, але яўка на парламенцкіх выбарах — больш за 70%.
Адна пара маладых прыйшла галасаваць як была: у вясельных строях, праз пару гадзін пасля вечарынкі.
Фактычна іспанцы выбіралі паміж правымі і левымі. Таму кожны адчуваў неабходнасць прагаласаваць. Адны — каб не пусціць у парламент вельмі правую партыю Vox, іншыя — каб не даць "левакам" і далей прасоўваць сваю павестку.
У выніку прайгралі ўсе. Больш за ўсё галасоў набрала кансерватыўная Народная партыя, але нават калі яны аб'яднаюцца з вельмі правымі, большасці ў парламенце не атрымаюць. Так што ў сацыялістычным лагеры на гэтых выходных таксама святкавалі: не сваю перамогу, а няўдачу супернікаў.
У Іспаніі, здаецца, пачынаецца перыяд турбулентнасці, але гэты выбаршчык можа хаця б сказаць сабе, што зрабіў усё, што мог:
This is why a Malaga man voted at a polling station wearing a snorkel and scuba diving flippers
— SUR in English (@SUR_English) July 24, 2023
The ONCE lottery salesman's bizarre act ended up becoming one of the talking points of the day in Spain's first mid-summer general electionhttps://t.co/ocNgK4QxNt
Вашу замову прынясе Лана дэль Рэй
Часам заходзіш у просценькую закусачную па каву — а табе яе налівае Лана дэль Рэй. У сацсетках запосцілі некалькі відэа з кавярні "Вафельная хатка" ў мястэчку Флорэнс у Алабаме. На відэа і фота спявачка ва ўніформе і з бэйджыкам то выбівае чэкі за прылаўкам, то абслугоўвае наведнікаў, то фатаграфуецца з імі.
Што Лана дэль Рэй робіць у кавярні ў горадзе з насельніцтвам у 30 тысяч чалавек — незразумела, піша CNN. А яе афіцыйныя прадстаўнікі не адказалі на запыт аб каментарах. Мы, зрэшты, лічым, што кожны можа выбіраць тую форму эскапізму, якая яму даспадобы.
І чамусьці мы ўпэўненыя, што кава і вафлі ў Флорэнсе перажываюць небывалы пік папулярнасці!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.