Імпарт люксавых аўтамабіляў з Латвіі праз Беларусь прыпыніўся
Транзіт люксавых аўто праз Беларусь прыпынены
Транзіт люксавых аўто ў Расію праз Латвію і Беларусь удалося прыпыніць, піша "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі".
За перыяд з 19 па 29 ліпеня з Латвіі ў Беларусь не было ніводнай такой перавозкі, адзначаюць чыгуначнікі.
У сярэдзіне ліпеня чыгуначнікі абнародавалі схему, па якой у Расію ў абыход санкцый пастаўляюцца люксавыя аўтамабілі. Паведамлялася, што ў гэтым задзейнічаныя кампаніі лукашэнкаўскага "гаманца" Аляксея Алексіна. За два тыдні з Латвіі ў Беларусь, на станцыю Орша-Заходняя, даставілі 18 вагонаў з такімі аўтамабілямі.
Пасля публікацыі чыгуначнікаў прыйшлі яшчэ тры такія вагоны з люксавывымі аўто. "Гэта яшчэ арыенціровачна 24 аўтамабілі на разліковую суму каля 4,8 мільёна долараў ЗША", — адзначаюць чыгуначнікі. Пасля гэтага пастаўкі аўтамабіляў спыніліся.
"Такім чынам, па выніках нашага маніторынгу за ўвесь час /.../ агульная колькасць увезеных у Расію праз Беларусь аўтамабіляў класа "люкс" можа складаць каля 194 адзінак на арыенціровачную суму ў 39 млн долараў ЗША", — падсумоўваюць у "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.