Інцыдэнтам з інвалідам на станцыі метро "Уручча" заняўся Следчы камітэт
Следчы камітэт заняўся інцыдэнтам у падземным пераходзе станцыі мінскага метро "Уручча".
Як паведамляла Еўрарадыё, 18 верасня міліцыянты затрымалі там "сляпога інваліда", які прасіў міласціну. Пры гэтым яны жорстка абыходзіліся з мужчынам, што выклікала негатыўную рэакцыю мінчукоў.
На сайце Следчага камітэта паведамляецца, што на "мужчыну неахайнага вонкавага выгляду" паступілі скаргі ад грамадзян. Міліцыянт з аховы метрапалітэна, як адзначаецца, прапанаваў яму прайсці ў пакой міліцыі для высвятлення, але мужчына адмовіўся.
"Выказваючы беспрычынную агрэсію, ён пачаў выказвацца на адрас міліцыянта нецэнзурнай лаянкай, выказаў абразы і пагрозы. Падчас дастаўлення дзяжурным нарадам ў пакой міліцыі для разбору, грамадзянін аказаў актыўны супраціў: кусаў супрацоўнікаў міліцыі за рукі, ударыў аднаго з іх у твар, спрабаваў наносіць ўдары нагамі і пашкодзіў форменнае абмундзіраванне. Для прыцягнення ўвагі навакольных ён паказваў ілжывую бездапаможнасць і немагчымасць самастойна перасоўвацца", — паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. За гэта Першамайскі райаддзел Следчага камітэта пачаў на яго крымінальную справу за супраціў.
У Следчым камітэце заяўляюць, што 41-гадовы мінчук быў раней неаднаразова судзімы, у тым ліку за маёмасныя злачынствы, а таксама злоснае і асабліва злоснае хуліганства. Ён не мае рэгістрацыі, жыве ў сваякоў, некалькі гадоў займаецца жабраваннем.
Высвятляецца, ці сапраўды мужчына мае абмежаваныя фізічныя магчымасці. Сам мужчына заявіў, што мае праблемы псіхічнага характару, у сувязі з чым неаднаразова лячыўся ў спецыялізаваных установах. Следства правярае гэтую інфармацыю, прызначаная судовая псіхіятрычная экспертыза.
У рамках расследавання крымінальнай справы высвятляюцца прычыны і ўмовы, якія спрыялі ўзнікненню канфлікту ў пераходзе метро.
На станцыі метро “Уручча” ў Мінску адбыўся канфлікт паміж міліцыяй і пасажырамі (фота)
На станцыі метро “Уручча” міліцыянты валаклі за ногі мужчыну (відэа)