Інклюзіўны баль у Мінску: вельмі прыгожа, але танцораў на вазках амаль не было
Увечары 24 ліпеня ў Dipservice Hall прайшоў інклюзіўны баль Grand Milonga, прысвечаны аргенцінскаму танга. На мерапрыемства былі запрошаныя кіраўнікі шасці школ танга і музыкі. Запрашэнні атрымалі і людзі з дадатковымі патрэбамі — планавалася, што вазочнікі таксама будуць вучыцца і танцаваць гарачае танга.
Еўрарадыё наведала мерапрыемства і заўважыла сярод удзельнікаў вечара толькі трох чалавек на інвалідных вазках. Яны назіралі за танцуючымі парамі, размаўлялі з удзельнікамі, але не танцавалі.
"Мы запрашалі многіх", — разводзяць рукамі арганізатары ў адказ на нашае пытанне, чаму інклюзіўны баль праходзіць амаль без вазочнікаў. На жаль, няшмат у каго хапіла сіл і імпэту дабрацца да залы, дзе танцавалі танга.
Гэтым вечарам фіналіст Social Weekend — праект freeMOWA — пачынае ў Беларусі серыю інклюзіўных івэнтаў па альтэрнатыўнай і дадатковай камунікацыі. На першым у якасці асноўнай мовы зносін абраны танец. Вось наш фотарэпартаж з інклюзіўнага балю Grand Milonga — было сапраўды прыгожа!